5 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі стала членам Сусветнай асацыяцыі агенцтваў па прыцягненні інвестыцый (WAIPA), паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.
"Уступленне ў WAIPA дасць магчымасць агенцтву павысіць статус даверу сярод замежнага бізнесу, палепшыць інвестыцыйны клімат краіны, а таксама адкрые доступ да публікацый і даследаванняў асацыяцыі, якімі можна кіравацца ў працэсе прыцягнення замежных інвестараў", - адзначылі ў НАІП.
WAIPA была створана ў 1995 годзе пад эгідай ЮНКТАД для наладжвання кантактаў і развіцця супрацоўніцтва, абмену вопытам і інфармацыяй у сферы прыцягнення прамых замежных інвестыцый паміж інвестыцыйнымі агенцтвамі. Сёння WAIPA аб'ядноўвае 177 інвестыцыйных агенцтваў са 130 краін. Штаб-кватэры асацыяцыі размешчаны ў Жэневе і Стамбуле.