22 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі і Пастаянная камісія па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў падпісалі план узаемадзеяння па пытаннях прыцягнення замежных інвестыцый у Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Подпісы пад дакументам паставілі дырэктар НАІП Дзмітрый Красоўскі і старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных. "У нас узнікла думка, што мы павінны аб'яднаць свае намаганні са спецыялізаваным агенцтвам. НАІП дапаможа нашым дэпутатам з экспертнага пункту гледжання: як прыцягваюцца інвестыцыі, колькі этапаў, якія існуюць складанасці, якія трэба абавязкова прадугледзець. Мы ствараем своеасаблівы сплаў палітычнага ўплыву з экспертызай ад прафесіяналаў і фарміруем каманду, якая будзе дапамагаць інвестарам знаходзіць агульную мову з мясцовай уладай для вырашэння ўсіх пытанняў па рэалізацыі праектаў: пачынаючы ад выдзялення зямлі, заканчваючы пошукам працоўных рэсурсаў. Гэта першы крок, такога не рабілася раней, але мы хочам паспрабаваць", - сказаў Андрэй Савіных.
Ён падкрэсліў, што дэпутаты могуць адразу вынесці інфармацыю аб працэсе рэалізацыі інвестыцыйных праектаў на ўзровень розных органаў улады, каб можна было пазбегнуць непаразуменняў і складанасцей. "План прадугледжвае падрыхтоўку алгарытму і рэкамендацый па ўзаемадзеянні паміж дэпутатамі і рэгіянальнымі экспертамі НАІП. Таксама ў планах селекцыя праектаў, якія маглі б быць прадстаўлены на разгляд праз дэпутацкі корпус. Акрамя таго, будуць праводзіцца навучальныя мерапрыемствы ў кожнай вобласці з удзелам дэпутатаў", - падзяліўся планамі старшыня Пастаяннай камісіі.
У Палаце прадстаўнікоў створаны 72 групы па ўзаемадзеянні з парламентамі замежных дзяржаў. "Мы хочам уключыць інвестыцыйную праблематыку ў сферу абмеркавання і ўзаемадзеяння па лініі гэтых парламенцкіх груп, паколькі парламентарыі вельмі актыўна працуюць з дзелавымі коламі сваіх краін. Рэкамендацыя парламентарыяў іншых краін будзе выступаць дадатковай гарантыяй для замежных прадпрымальнікаў, што праект будзе выкананы ў адпаведнасці з усімі дамоўленасцямі", - адзначыў Андрэй Савіных.
На пытанне, ці плануецца правесці парламенцкія слуханні па інвестыцыйных пытаннях, ён адказаў: "Нам хацелася б правесці гэтыя слуханні, калі будзе распрацаваны пэўны практычны вопыт рэалізацыі гэтага плана. Тады мы зможам зразумець, у якім напрамку нам трэба рухацца, якую нішу займаць у гэтай рабоце".