25 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная акадэмія навук разлічвае стварыць эксперыментальную вытворчасць беларускіх электрамабіляў. Аб гэтым расказаў старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў у інтэрв'ю праграме "Тыдзень" на тэлеканале СТБ, паведамляе БЕЛТА.
"Мы стварылі свой электрамабіль, і нават не адзін. У нас цяпер некалькі мадэлей: грузавы, легкавы, мінівэн, ствараецца нават спартыўны электрамабіль. Усе камплектуючыя, уся элементная база адпрацаваны. Цяпер прапрацоўваем пытанне стварэння эксперыментальнай вытворчасці, каб пусціць нашы распрацоўкі на паток. Вядзём перагаворы ў гэтым напрамку з кітайскімі і расійскімі партнёрамі", - сказаў Уладзімір Гусакоў.
Беларускія вучоныя працуюць над мадэлямі сярэдняга класа, прызначанымі для шырокага кола спажыўцоў. "Хачу падкрэсліць: гэта не Geely, гэта прынцыпова іншы электрамабіль з цалкам беларускім начыннем", - заявіў старшыня Прэзідыума НАН.
Паводле яго слоў, для беларускага электрамабіля адпрацоўваецца некалькі мадэлей батарэй - літыйіонных, графенавых і графена-свінцовых. Паколькі літыйіонныя батарэі вельмі дарагія, стаўка робіцца на ўласныя напрацоўкі. "У студзені нашы мадэлі праходзяць эксперыментальную праверку. Калі будзем задаволены вынікамі, то зможам вырабіць шэраг батарэй рознага карыстання, у тым ліку для малога (электравеласіпедаў) і грузавога транспарту. Працуем над тым, каб запас ходу для электрамабіляў склаў 500 км", - адзначыў Уладзімір Гусакоў.
"Акрамя накапляльніка энергіі вялікае значэнне мае рухавік. Гэта таксама ўнікальная і даволі паспяховая распрацоўка беларускіх вучоных. Мы цяпер працуем над шэрагам уласных электрарухавікоў для электрамабіляў рознага карыстання. Яны вытрымліваюць усе неабходныя параметры: надзейнасць, даўгавечнасць, эксплуатацыя ў розных умовах (холад, гарачыня)", - дадаў старшыня Прэзідыума НАН.