24 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. НАН Беларусі і Італія будуць развіваць супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі. Аб гэтым ішла размова ў час перагавораў старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова са старшынёй Гандлёва-прамысловай палаты Італія - Беларусь Анджэла Ілардзі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАН.
Па тэматыцы развіцця жывёлагадоўлі ў канцы лютага запланавана правядзенне круглага стала з удзелам вучоных Беларусі і Італіі. Як адзначыў Уладзімір Гусакоў, Беларусь і Італію звязваюць даўнія навуковыя сувязі, якія падтрымліваліся ў розных варыянтах. "Мы зацікаўлены ў падтрымцы нашых навуковых сувязей па шырокім спектры навуковых напрамкаў. Супрацоўніцтва вучоных не павінна быць палітызавана", - падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.
У сваю чаргу Анджэла Ілардзі адзначыў, што вельмі важна рэалізоўваць ініцыятывы, якія могуць дапамагчы ў развіцці дыялогу. Круглы стол, які плануецца правесці ў канцы лютага, будзе гэтаму садзейнічаць. На мерапрыемстве плануецца абмеркаваць такія праблемы, як механізацыя жывёлагадоўлі, генетыка, лічбавізацыя, эканомія энергарэсурсаў і іншае.
Госці падрабязна азнаёміліся з апошнімі распрацоўкамі вучоных, прадстаўленымі на пастаянна дзеючай выстаўцы "Дасягненні айчыннай навукі - вытворчасці". У перагаворах таксама прыняў удзел пасол Італіі ў Беларусі Тамаза П’етра Маркеджані.