5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стаіць задача падвоіць тавараабарот паміж нашымі краінамі. Аб гэтым журналістам напярэдадні пасяджэння сумеснай міжурадавай камісіі па двухбаковым супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Узбекістан заявіў намеснік міністра інвестыцый, прамысловасці і гандлю Узбекістана Хурам Тэшабаеў, паведамляе БЕЛТА.
У Самаркандзе пачалося дзясятае пасяджэнне сумеснай міжурадавай камісіі па двухбаковым супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Узбекістан. Чакаецца, што бакі абмяркуюць стан і перспектывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У прыватнасці, на сустрэчы плануецца ўдзяліць асаблівую ўвагу сферам прамысловасці, сельскай гаспадаркі і аховы здароўя.
"Мы вельмі старанна рыхтаваліся да візіту дэлегацыі Рэспублікі Беларусь", - адзначыў у размове з журналістамі намеснік міністра Хурам Тэшабаеў, падкрэсліўшы, што парадак дня двухбаковых адносін вельмі насычаны.
"Задача стаіць падвоіць тавараабарот паміж нашымі краінамі. Вядома, ёсць традыцыйныя напрамкі, дзе беларускі бізнес вельмі моцны. Гэта і мэбля, малочная прадукцыя, фармацэўтыка - асаблівая для нас важная гісторыя. Па ўсіх гэтых напрамках у нас ёсць канкрэтныя прапановы, канкрэтныя праекты", - абазначыў спектр пытанняў для абмеркавання Хурам Тэшабаеў.
Ён таксама адзначыў, што ў другой палове дня плануецца правядзенне бізнес-форуму з прадстаўнічым спісам удзельнікаў, якія прадстаўляюць абедзве краіны. На думку намесніка міністра, узбекскія кампаніі праяўляюць вялікі інтарэс да наладжвання двухбаковых бізнес-адносін.
Чакаецца, што ў рабоце ўзбекска-беларускага бізнес-форуму прымуць удзел прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка і прэм'ер-міністр Узбекістана Абдула Арыпаў.
У бізнес-форуме плануецца ўдзел больш як 60 прадстаўнікоў ад беларускага боку (міністэрстваў і ведамстваў, канцэрнаў, прадпрыемстваў і арганізацый). На напрамках дзейнасці: машынабудаванне, лёгкая і харчовая прамысловасць, дрэваапрацоўка, фармацэўтыка, ветэрынарыя, аптовы гандаль. Ад узбекскага боку - каля 200 прадстаўнікоў органаў улады і кампаній. У 2022 годзе ўзаемны тавараабарот склаў больш за $500 млн. У планах на гэты год, як напярэдадні абазначыў беларускі віцэ-прэм'ер Леанід Заяц, - павялічыць мінулагодні паказчык.