27 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На БелАЭС паспяхова завершана загрузка ядзернага паліва ў рэактар другога энергаблока, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі.
"27 снежня 2021 года на Беларускай атамнай электрастанцыі завершаны работы па загрузцы ядзернага паліва ў актыўную зону рэактара другога энергаблока. У рэактар загружаны 163 цеплавыдзяляльныя зборкі са свежым ядзерным палівам", - расказалі ў прэс-службе.
У рамках далейшай рэалізацыі праграмы фізічнага пуску блока будуць выкананы работы па зборцы і ўшчыльненні рэактара з правядзеннем неабходных гідраўлічных выпрабаванняў, пераводу рэактарнай устаноўкі ў гарачы стан і яе вывад на мінімальна кантралюемы ўзровень магутнасці.