18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь мае высокі навуковы патэнцыял у галіне дысплэйных тэхналогій. Такое меркаванне выказаў прафесар Ганконгскага ўніверсітэта навукі і тэхнікі, член Еўрапейскай акадэміі навук Уладзімір Чыгрынаў на міжнароднай канферэнцыі EuroDisplay 2019, якая праходзіць 17-20 верасня ў Мінску. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Уладзімір Чыгрынаў адзначыў высокі навуковы патэнцыял і магчымасці, якія адкрываюцца ў Беларусі, а таксама падкрэсліў цікавасць моладзі да інавацый, перспектыўных напрамкаў у галіне дысплэйных тэхналогій.
Правядзенне ў Мінску такога міжнароднага форуму, як EuroDisplay 2019, будзе садзейнічаць большаму прыцягненню айчынных спецыялістаў у сусветную навуку. Асабліва гэта важна для моладзі, студэнтаў і аспірантаў БДУІР, якія атрымалі магчымасць з першых вуснаў даведацца аб перадавых распрацоўках, падкрэсліў рэктар ВНУ Вадзім Богуш.
У Мінск прыехалі вядучыя эксперты з ЗША, Германіі, Францыі, Іспаніі, Італіі, Кітая, Японіі, Сінгапура і іншых краін. Вучоныя-практыкі прынялі ўдзел у маладзёжнай школе-семінары ў галіне дысплэйных тэхналогій Tutorial for young reserchers on display technologies. Яны прачыталі лекцыі аб апошніх тэндэнцыях і інавацыях у галіне дысплэйных тэхналогій, а таксама падзяліліся практычнымі ведамі і навыкамі па рэалізацыі маштабных праектаў па распрацоўцы сродкаў адлюстравання інфармацыі.
Арганізатарамі EuroDisplay 2019 выступаюць Міжнароднае таварыства інфармацыйных дысплэяў (ЗША) і БДУІР. Удзельнікі форуму абмяркоўваюць такія актуальныя тэмы, як вадкакрысталічныя і дысплэйныя матэрыялы, тонкаплёначныя транзістары, электроннае чарніла, тэхналогіі віртуальнай рэальнасці.
Беларуская сталіца стала шостым горадам правядзення маштабнай навуковай канферэнцыі ў галіне дысплэйных тэхналогій. Як праінфармавалі ў БДУІР, форум, які да гэтага праходзіў раз у два гады, стане штогадовым. Ужо ў 2020-м сусветныя эксперты ў галіне дысплэйных тэхналогій сустрэнуцца ў Штутгарце (Германія).-0-