13 красавіка, Магілёў /Марыя Ластачкіна - БЕЛТА/. Міжнародны інвестыцыйны форум "Млын поспеху" пройдзе 4-5 лістапада ў Магілёўскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі аблвыканкама.
Традыцыйнае мерапрыемства, якое праводзіцца раз у два гады, збярэ ў горадзе на Дняпры прадстаўнікоў вядомых сусветных банкаў, еўрапейскіх бізнес-арганізацый, рэгіянальных і рэспубліканскіх органаў улады, гандлёва-прамысловых палат больш як 30 краін свету.
"Самай галоўнай, а таксама самай папулярнай і наведвальнай падзеяй форуму стане выстаўка-прэзентацыя інвестыцыйных і інавацыйных праектаў рэгіёна, на якой будуць прадстаўлены лепшыя прапановы па прыярытэтных напрамках развіцця Магілёўшчыны", - адзначылі ў камітэце.
Удзельнікі форуму змогуць прыняць удзел у рабоце такіх секцый, як "Прамысловы сектар. СЭЗ "Магілёў". Вытворчасць будматэрыялаў", "Харчовая галіна і сельская гаспадарка", "Развіццё сферы турызму", "Беларуска-кітайская бізнес-сустрэча". Акрамя таго, яны змогуць азнаёміцца з умовамі вядзення бізнесу ў вобласці, нарматыўна-прававой базай і аб'ектамі нерухомай маёмасці.
У камітэце эканомікі падкрэслілі, што правядзенне форуму будзе садзейнічаць прыцягненню інвестыцый, развіццю экспарту, павышэнню канкурэнтаздольнасці прадукцыі таваравытворцаў Магілёўскай вобласці, наладжванню міжнародных эканамічных сувязей. Яго арганізатарам выступае Магілёўскі аблвыканкам сумесна з абласным аддзяленнем Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.