6 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XII Міжнародны форум па банкаўскіх інфармацыйных тэхналогіях "БанкІТ'2015" пройдзе ў Мінску 18-20 лістапада, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка Беларусі.
"Рашэннем аргкамітэта ў 2015 годзе пашыраны склад аўдыторыі форуму: да ўдзелу дадаткова будуць запрошаны прадстаўнікі страхавых, лізінгавых, мікрафінансавых і іншых фінансавых арганізацый Беларусі. Таксама прынята новая мэта - развіццё фінансавага бізнесу шляхам укаранення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій", - расказалі спецыялісты. Яны таксама адзначылі, што фокус мерапрыемства гэтага года будзе накіраваны на лічбавую трансфармацыю фінансавага бізнесу.
Форум "БанкІТ'2015" будзе праходзіць тры дні. Першы будзе прысвечаны стратэгічным пытанням развіцця фінансавага бізнесу. "Эксперты з Беларусі і краін блізкага замежжа падзеляцца вопытам трансфармацыі банкаўскіх паслуг у лічбавую эру, выкажуць сваё бачанне будучыні рознічных фінансавых паслуг, разгледзяць тэму жыццяздольнасці бізнес-стратэгіі банка ў лічбавым свеце. Акрамя таго, на мерапрыемстве будуць абмеркаваны пытанні развіцця крыптавалют", - удакладнілі ва ўпраўленні. Прадстаўнікі Нацыянальнага банка, у прыватнасці, раскажуць аб палітыцы ў галіне інфарматызацыі фінансавай дзейнасці на сучасным этапе развіцця.
Другі і трэці дні мерапрыемства будуць прысвечаны спецыялізаваным тэматыкам, якія плануецца раскрыць на секцыях і майстар-класах.
У Нацбанку ўпэўнены, што "БанкІТ" прадастаўляе ўдзельнікам шырокія інфармацыйныя магчымасці, дзякуючы якім пашыраюцца дзелавыя сувязі, набываюцца новыя партнёры, адкрываюцца перспектывы выхаду на новыя рынкі.
Арганізатарамі форуму з'яўляюцца Нацбанк Беларусі, навукова-тэхналагічная асацыяцыя "Інфапарк" і Асацыяцыя беларускіх банкаў. Форум традыцыйна збірае прадстаўнікоў фінансавай і ІТ сфер, а таксама органаў дзяржкіравання. Чакаецца, што ў бягучым годзе ў форуме прымуць удзел больш за тысячу спецыялістаў.