17 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XXIII Міжнародная архітэктурна-будаўнічая выстаўка BUDEXPO-2021 праходзіць у Мінску 17-20 сакавіка, паведамляе БЕЛТА.
Ключавы напрамак выстаўкі ў 2021 годзе - сучаснае, прывабнае, даступнае, камфортнае жыллё і гарадское асяроддзе. Тэматыка адлюстроўвае ўвесь комплекс актуальных пытанняў архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасці - ад планаў развіцця населеных пунктаў, архітэктурных канцэпцый забудовы кварталаў да інтэлектуальных сістэм кіравання жыццезабеспячэннем і добраўпарадкавання тэрыторый. Яна аб'ядноўвае забудоўшчыкаў, архітэктараў, вытворцаў і пастаўшчыкоў матэрыялаў, а таксама кампаніі, якія аказваюць паслугі на рынку нерухомай маёмасці.
Падчас выстаўкі пройдуць дзелавыя мерапрыемствы з удзелам шырокага кола спецыялістаў, плануюцца семінары, майстар-класы і лекцыі. Будзе працаваць арт-пляцоўка, дзе можна будзе ўбачыць праекты маладых архітэктараў і дызайнераў, набыць работы маладых мастакоў і скульптараў. Наведвальнікі таксама змогуць убачыць унікальную экспазіцыю з фондаў Беларускага саюза архітэктараў. Акрамя таго, 17-19 сакавіка наведвальнікі могуць атрымаць бясплатныя кансультацыі па тэме нерухомай маёмасці і страхавання. А на 19 сакавіка запланаваны кірмаш вакансій у будаўнічай галіне.
Арганізуюць выстаўку Нацыянальны выставачны цэнтр "БелЭкспа" сумесна з Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва, Беларускім саюзам архітэктараў, Саюзам будаўнікоў Беларусі.