25 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі трактарны завод разглядае магчымасць арганізацыі зборачнай вытворчасці трактароў BELARUS у В'етнаме. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе прадпрыемства.
Генеральны дырэктар МТЗ Віталь Воўк абмеркаваў з дырэктарам в'етнамскай кампаніі New Atlantic International Trading JSC Нгуенам Баа Тхі бліжэйшыя перспектывы развіцця гэтага напрамку.
"Па выніках выпрабаванняў трактара BELARUS 451 у В'етнаме наша прадпрыемства прапрацоўвае магчымасць зборкі гэтай мадэлі тэхнікі. Кампанія зацікаўлена ў зборцы трактароў для далейшай іх рэалізацыі не толькі на сваёй тэрыторыі, але і ў іншых краінах Паўднёва-Усходняй Азіі", - пракаменціравала намеснік начальніка ўпраўлення пашырэння і рэалізацыі прадукцыі ў краіны далёкага замежжа па рабоце на рынках Паўднёва-Усходняй Азіі і краін Блізкага Усходу МТЗ Юлія Арабей.