2 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі трактарны завод плануе пачаць вытворчасць трактароў з газавым рухавіком. Аб гэтым сказаў генеральны дырэктар прадпрыемства Віталь Воўк, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Мінскі маторны завод сумесна з ТАА "РарыТЭК" (Набярэжныя Чаўны, Татарстан) распрацаваў газавы рухавік для тэхнікі рознага прызначэння. Думаю, у бліжэйшы час мы пачнём вытворчасць невялікімі партыямі трактароў з такімі маторамі. Цяпер на базе ТАА "ТВК МТЗ-Татарстан" ідзе работа над стварэннем доследнага ўзору мадэлі BELARUS 2022, - сказаў Віталь Воўк. - У Беларусі гэты напрамак цяпер актыўна развіваецца. У прыватнасці, "Гомсельмаш" зрабіў камбайны на чыста газавым паліве".
Паводле слоў гендырэктара, газ сёння ў два разы таннейшы, чым дызельнае паліва. "Першапачатковы кошт такога трактара будзе крыху вышэйшы. Аднак трэба лічыць не першапачатковую цану, а кошт валодання. А ён зусім іншы. Гэта выгадна, і да гэтага трэба імкнуцца", - адзначыў ён.
Акрамя таго, Віталь Воўк расказаў, што цяпер прадпрыемства працуе над беспілотным трактарам BELARUS-А3523i з электрамеханічнай бесступеньчатай трансмісіяй, які можа выконваць заданні, сфарміраваныя аператарам па канале аддаленай сувязі. "Гэты трактар мы прадэманстравалі на выстаўцы "Аграволга" ў Казані. Таксама ў хуткім часе пакажам яго і на спецыялізаванай выстаўцы сельскагаспадарчай тэхнікі "Аграсалон" у Маскве, - паведаміў кіраўнік прадпрыемства. - Безумоўна, у гэтага праекта ёсць будучыня. Аднак павінны быць створаны неабходныя ўмовы для функцыянавання беспілотнай тэхнікі. У прыватнасці, інфраструктура, лічбавыя карты палёў, устойлівы сігнал 5G, а таксама наяўнасць прафесійных кадраў".
Мінскі трактарны завод заснаваны 29 мая 1946 года. Са жніўня 2014 года ператвораны ў "МТЗ-Холдынг". Гэта адзін з найбуйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі не толькі ў краінах СНД, але і ва ўсім свеце. На прадпрыемстве працуе больш за 16 тыс. чалавек. Заказчыкам прапануюцца больш за 100 мадэлей трактароў у больш як 200 зборачных варыянтах для ўсіх кліматычных і эксплуатацыйных умоў. Новыя мадэлі маюць шырокія магчымасці агрэгатавання з сельгасмашынамі розных вытворцаў. ААТ "МТЗ" распрацоўвае, вырабляе і экспартуе колавыя трактары і запасныя часткі да іх, арганізуе на ліцэнзійнай аснове іх вытворчасць за мяжой, аказвае паслугі па наладжванні і правядзенні сэрвісу пастаўленых машын, праводзіць навучанне па эксплуатацыі і тэхнічным абслугоўванні выпускаемай тэхнікі.