11 чэрвеня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Мінскі трактарны завод павінен зарабляць грошы, а не прасіць іх у дзяржавы. Аб гэтым заявіў 11 чэрвеня журналістам генеральны дырэктар МТЗ Віталь Воўк, кандыдатуру якога ўзгадніў на гэту пасаду Прэзідэнт, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Віталь Воўк адзначыў, што мае ўласнае ўяўленне аб стратэгіі развіцця прадпрыемства, заснаванае на яго значным вопыце работы ў прамысловым сектары, кіраўніцкіх навыках. У ліку задач, якія мае намер у першую чаргу вырашаць на новай пасадзе, ён назваў рэнтабельнасць, рост аб'ёмаў вытворчасці і нарошчванне экспарту. "Перш за ўсё - эфектыўнасць. МТЗ павінен зарабляць грошы, а не прасіць", - падкрэсліў гендырэктар.
Што датычыцца павелічэння экспартных паставак, то на гэтым напрамку ёсць пэўныя складанасці. "Калі гаварыць пра рынкі вакол нас, многае памянялася. Сталі больш строгімі экалагічныя патрабаванні. Гэта прывяло да ўзняцця цаны. Не ўсе гатовы плаціць за новы прадукт. Гэта стала адной з прычын праблем з продажамі. Трэба разам з калектывам аптымізаваць гандлёвыя сеткі, паставіць дакладна задачы, рабіць сучасны якасны трактар", - сказаў Віталь Воўк.
На яго думку, неабходна прыняць меры, каб захаваць пазіцыі на расійскім рынку. "У Расіі шукаюць новых ігракоў рынку, вытворцаў, каб яны рабілі прадукцыю на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Гэта многія вядомыя брэнды (канкурыруюць за гэту магчымасць. - Заўвага БЕЛТА). Для нас расійскі рынак - прэміяльны, звязаны з намі шматгадовай кааперацыяй. Гэта рынак, дзе мы не павінны ўпусціць свае пазіцыі", - перакананы кіраўнік.
Няпростая сітуацыя складваецца і на рынках краін далёкага замежжа, напрыклад, Пакістана. "Краіна вельмі палітызавана з пункту гледжання развіцця гандлёва-эканамічных адносін. Тым не менш пэўны задзел зроблены, будзем яго прадаўжаць і пашыраць. Але галоўнае - павялічыць аб'ёмы вытворчасці", - адзначыў Віталь Воўк.
Ён запэўніў, што прадпрыемства прадоўжыць традыцыю, якая была закладзена папярэднім кіраўніком і палюбілася ў грамадстве, па правядзенні арыгінальных акцый, якія рабілі брэнд больш вядомым. Размова пра трактарныя ралі, біятлон, танцы. "Усё, што прыносіць карысць для рэалізацыі прадукцыі, будзе захавана. Думаю, гэта было таксама карысна", - дадаў генеральны дырэктар МТЗ.