24 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кантракт на пастаўку 140 трактароў "Беларус" падпісаны 24 чэрвеня ў Новасібірску ў час святкавання 125-годдзя з дня заснавання горада, паведаміў БЕЛТА генеральны дырэктар ТАА "Гандлёвы дом МТЗ-Сібір" Дзмітрый Бялайц.
Мінскі трактарны завод паставіць для патрэб сельгасвытворцаў і камунальных службаў 140 трактароў "Беларус" шырокай лінейкі: ад малагабарытнай тэхнікі да энерганасычаных машын. Выканаць кантракт маюць намер да канца жніўня.
На адной з галоўных пляцовак Новасібірска 24 чэрвеня таксама была арганізавана выстаўка беларускай тэхнікі. Свае машыны прадставілі Мінскі трактарны і аўтамабільны заводы, "Амкадор".
Жыхарам і гасцям горада паказалі шоу пагрузчыкаў. А асілак з Беларусі Дзмітрый Бялайц, які ўзначальвае ТАА "Гандлёвы дом МТЗ-Сібір", устанавіў новы рэкорд у буксіроўцы тэхнікі, працягнуўшы счапленне МАЗаў агульнай вагой больш за 90 т.