12 мая, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. МТЗ і "Гомсельмаш" плануюць стварыць дзве зборачныя вытворчасці ў Кітаі ў 2015 годзе. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам у час адкрыцця Беларускага прамысловага форуму-2015 намеснік міністра прамысловасці Павел Уцюпін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сельгасмашынабудаванне Беларусі робіць актыўныя захады па прасоўванні сваёй прадукцыі. У якасці прыкладу магу прывесці тое, што ў рамках візіту Старшыні КНР Сі Цзіньпіна МТЗ і "Гомсельмаш" падпісалі пагадненні аб арганізацыі вытворчасцей у Кітаі. У гэтым годзе мы павінны арганізаваць яшчэ дзве зборачныя вытворчасці трактароў і камбайнаў у дзвюх кітайскіх правінцыях, а гэта вялізны рынак", - адзначыў Павел Уцюпін.
Ён дадаў, што з удзелам прадпрыемстваў прамысловасці створана амаль 150 зборачных вытворчасцей у 20 краінах.
Як паведамлялася, ТАА "Прамысловая карпарацыя Цзуншэнь" падпісала дагаворы з ААТ "МТЗ" і ААТ "Гомсельмаш" аб стварэнні сумесных прадпрыемстваў з кітайскім і замежным капіталам. Дакументы завізіраваны ў ходзе Беларуска-кітайскага міжрэгіянальнага бізнес-форуму.
XIX
Беларускі прамысловы форум адкрыўся сёння ў Мінску. У гэтым годзе ён праходзіць пад эгідай прамысловай кааперацыі на рынку ЕАЭС. У дзелавой праграме форуму больш як 15 мерапрыемстваў, галоўнае з якіх - пленарнае пасяджэнне з удзелам Еўразійскай эканамічнай камісіі. Таксама адбудзецца традыцыйны конкурс зваршчыкаў і 5-я біржа субкантрактаў.