10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Накіроўваючыся ў Панаму для ўдзелу ў XXXVI Генеральнай асамблеі ПАРЛАЦІНА, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Валерый Міцкевіч па папярэдняй дамоўленасці наведаў міжнародную турыстычную выстаўку Усходняга Міжземнамор'я EMITT у Стамбуле. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.
"Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў азнаёміўся з нацыянальным стэндам, які прадстаўляе Рэспубліку Беларусь. Прэзентацыя Гродзенскай вобласці вельмі спадабалася ўсім наведвальнікам выстаўкі. Выдатныя мясціны Гродзеншчыны - гэта сапраўды беларускае багацце, - расказалі ў прэс-службе. - Гаворачы аб турыстычнай індустрыі і стамбульскай выстаўцы, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што мы вярнуліся на гэту пляцоўку праз чатыры гады і вельмі гэтаму рады. Ён падкрэсліў таксама высокі ўзровень развіцця турыстычных паслуг у краінах, якія былі прадстаўлены на выстаўцы".
У час мерапрыемства прайшла сустрэча віцэ-спікера з дырэктарам упраўлення турызму, падарожжаў і моды холдынга ITE, дырэктарам выстаўкі EMITT спадарыняй Х.Айдын.
Адзначаючы пазітыўнае супрацоўніцтва Беларусі і Турцыі, Валерый Міцкевіч сказаў, што гэта дружалюбныя краіны, якія аб'ядноўваюць партнёрскія адносіны і агульны погляд на многія глабальныя працэсы.
Віцэ-спікер адзначыў гатоўнасць прадоўжыць работу з дырэкцыяй выстаўкі і шматлікімі турыстычнымі асацыяцыямі Турцыі па розных напрамках, вынікам чаго можа быць падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж турыстычнымі асацыяцыямі дзвюх краін.
"Валерый Міцкевіч выказаў меркаванне, што ўдзел у розных турыстычных форумах, такіх як EMITT, дасць магчымасць павысіць турыстычны патэнцыял Беларусі. А турыстычныя магчымасці нашай краіны сапраўды велізарныя: гэта культурна-этнаграфічны, рэлігійны, ваенна-гістарычны турызм. Важную ролю цяпер у гэтай сферы адыгрывае аздараўленчы і вакцынны турызм", - дадалі ў прэс-службе.