26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У цяперашніх умовах Беларусь і Якуція могуць знайсці новыя пункты эканамічнага росту, заявіў намеснік міністра эканомікі Сяргей Міцянскі на пасяджэнні сумеснай рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Рэспублікі Саха (Якуція), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэканомікі.
Паводле слоў Сяргея Міцянскага, у дзвюх дзяржаў ёсць неабходнасць у яшчэ большай кансалідацыі сумесных намаганняў, максімальна дакладным вызначэнні сфер узаемных інтарэсаў і рабоце для дасягнення эканамічнага росту. "Сёння ў нас ёсць добрая магчымасць абмеркаваць не толькі пытанні, якія спадарожнічаюць рэалізацыі ўжо дасягнутых дамоўленасцей, але і знайсці новыя пункты росту. У чэрвені ў Гродне адбудзецца Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. На гэтай пляцоўцы нашы прадпрыемствы змогуць наладзіць новыя кантакты і заключыць узаемавыгадныя кантракты, - сказаў намеснік міністра. - На нашу думку, ёсць значныя перспектывы паглыбіць супрацоўніцтва ў прамысловасці, АПК, будаўніцтве, ЖКГ, нарасціць узаемныя пастаўкі прадуктаў харчавання. Неабходна актывізаваць дзелавыя кантакты бізнесу і прадпрыемстваў, узбагачаць супрацоўніцтва за кошт культуры, навукі і адукацыі. І, вядома ж, развіваць вытворчую кааперацыю ў рамках імпартазамяшчэння. У актуальных рэаліях гэты напрамак набывае стратэгічную значнасць". Сяргей Міцянскі перакананы, што сумесная работа дапаможа вывесці гандлёва-эканамічныя адносіны Беларусі і Якуціі на якасна новы ўзровень.
У анлайн-мерапрыемстве прынялі ўдзел пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Саха пры Прэзідэнце Расіі - першы намеснік старшыні ўрада Рэспублікі Саха (Якуція) Андрэй Фядотаў, прадстаўнікі галіновых міністэрстваў і ведамстваў Беларусі і расійскага рэгіёна. Удзельнікі абмеркавалі выкананне дамоўленасцей, дасягнутых падчас візіту якуцкай дэлегацыі ў Беларусь у лістападзе 2021 года.