29 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па просьбе беларускіх улад з 8 па 15 ліпеня каманда супрацоўнікаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) пад кіраўніцтвам Дэвіда Хофмана наведае Мінск. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прадстаўніцтве МВФ.
"Мэтай місіі з'яўляецца абмеркаванне мер эканамічнай палітыкі і планаў улад па правядзенні рэформ, уключаючы ацэнку таго, ці сталі яны дастаткова рашучымі, каб быць падтрыманымі ў межах пагаднення з МВФ", - удакладнілі спецыялісты прадстаўніцтва.
Як нядаўна паведаміў журналістам міністр фінансаў Уладзімір Амарын, у працэсе ліпеньскай работы місіі МВФ у Беларусі плануецца абмеркаваць пытанні падрыхтоўкі краінавай праграмы.
Міжнародны валютны фонд - спецыялізаваная ўстанова ААН са штаб-кватэрай у Вашынгтоне (ЗША). Афіцыйная дата стварэння МВФ - 27 снежня 1945 года. Беларусь з'яўляецца членам МВФ з 1992 года, яе квота на пачатак 2013 года складала 386,4 млн СДР ($542,1 млн). Дзейнасць МВФ у Беларусі накіравана на супрацоўніцтва з урадам і Нацыянальным банкам пры падрыхтоўцы праграм эканамічнай палітыкі з акцэнтам на падаткова-бюджэтную і грашова-крэдытную палітыку, абменны курс і гандлёвую палітыку з мэтай дасягнення значнага эканамічнага росту, нізкай інфляцыі і ўстойлівасці плацежнага балансу.