8 снежня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Беларусь і Расія створаць адзіныя падатковыя ўмовы на тэрыторыі дзвюх краін. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін 8 снежня на пасяджэнні расійскага ўрада, паведамляе БЕЛТА.
"У рамках далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы Расія і Беларусь прадаўжаюць збліжаць свае эканамічныя сістэмы, - сказаў Міхаіл Мішусцін. - Мы сёння абмяркуем ратыфікацыю дагавора, неабходнага для ўкаранення агульных прынцыпаў работы ўскосных падаткаў. Размова ідзе аб мытных зборах, акцызах і некаторых іншых плацяжах".
Прэм'ер-міністр РФ нагадаў, што гэтым дагаворам прадугледжваецца сфарміраваць наднацыянальны падатковы камітэт. "Ён зоймецца ўзгадненнем пазіцый у гэтай сферы, будуць замацаваны памеры мінімальных падатковых ставак, пералікі вызваленняў і льгот. А ў выніку - створаны адзіныя ўмовы на ўсёй тэрыторыі дзвюх нашых краін", - падкрэсліў ён.
"Таксама з'явіцца інтэграваная сістэма адміністравання ўскосных падаткаў. Дзякуючы гэтаму мы зможам сфарміраваць агульную інфармацыйную прастору для пашырэння супрацоўніцтва і ўзаемнай дапамогі пры процідзеянні ўхіленню ад выплаты фіскальных плацяжоў, у тым ліку пры трансгранічным гандлі", - адзначыў прэм'ер-міністр.
"У цэлым ратыфікацыя дагавора дасць магчымасць ліквідаваць шэраг бар'ераў, а таксама аблягчыць умовы для запуску новых праектаў і прыцягнення інвестыцый у эканоміку Расіі і Беларусі", - рэзюмаваў Міхаіл Мішусцін.