13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. МПЗ не выключае пашырэння спіса відаў дзейнасці без рэгістрацыі ІП. Аб гэтым паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Калі будуць прапановы і будзем бачыць, што некаторыя віды дзейнасці сапраўды трэба вывесці са складу прадпрымальніцкай і ўключыць у спіс відаў дзейнасці па заяўным прынцыпе, то, вядома, яны будуць уключацца ў Падатковы кодэкс і будзем пашыраць гэту сферу з выплатай адзінага падатку", - адзначыла Святлана Шаўчэнка.
Прэзідэнт 19 верасня 2017 года падпісаў указ нумар 337 "Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб". Дакументам пашыраецца пералік відаў эканамічнай дзейнасці, якімі грамадзяне маюць права займацца без рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў пры ўмове выплаты адзінага падатку.
У гэты пералік увайшлі такія віды дзейнасці, як рэалізацыя самастойна прыгатаваных грамадзянамі кулінарных вырабаў, прадастаўленне месц для кароткатэрміновага пражывання фізасоб, выкананне па заказах спажыўцоў работ па рамонце мэблі, гадзіннікаў і абутку, пашыве адзення, настройцы музычных інструментаў, распілоўцы дроў, пагрузцы грузаў, кладцы печаў і камінаў, а таксама выкананне аддзелачных работ і аказанне грамадзянам паслуг па распрацоўцы вэб-сайтаў, абслугоўванні камп'ютарнага і перыферыйнага абсталявання. У пералік таксама ўключаны паслугі па дызайне памяшканняў, інтэр'ера, мэблі, адзення і абутку, графічным дызайне, цырульніцкія і касметычныя паслугі.