4 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нікарагуа можа стаць своеасаблівым хабам для паставак беларускай прадукцыі на рынкі Лацінскай і Цэнтральнай Амерыкі. Аб гэтым заявіў журналістам міністр фінансаў і дзяржаўнага крэдыту Нікарагуа Іван Акоста Мантальван па выніках праведзенага ў Мінску пасяджэння сумеснай беларуска-нікарагуанскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На яго думку, вынікі работы камісіі будуць вельмі адчувальнымі і ў першую чаргу паўплываюць на тавараабарот, аб'ём якога павінен павялічыцца. "Са свайго боку Нікарагуа будзе з'яўляцца своеасаблівым хабам для беларускай прадукцыі на рынкі Лацінскай і Цэнтральнай Амерыкі", - адзначыў Іван Акоста Мантальван. Ён растлумачыў, што Нікарагуа геаграфічна знаходзіцца паміж Ціхім і Атлантычным акіянамі і задзейнічае тры вялікія парты - са студзеня 2024 года пачне функцыянаваць порт для грузаў з Кітая, ёсць вялікі порт для тавараў з Паўночнай Амерыкі і яшчэ адзін - для еўрапейскіх краін. "Для Беларусі ў нас ёсць вельмі добрая база, вялікія перспектывы", - падкрэсліў міністр.
На пасяджэнні сумеснай камісіі ў Мінску бакі, паводле яго слоў, абмеркавалі перш за ўсё магчымыя пастаўкі беларускай тэхнікі ў Нікарагуа, інвестыцыі ў розных галінах. Размова ішла таксама аб развіцці ўзаемадзеяння ў культурнай, навукова-тэхнічнай, гуманітарнай сферах.