21 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства грамадскай бяспекі В'етнама зацікаўлена ў набыцці тэхнікі МАЗ. Аб гэтым ішла размова падчас наведвання прадстаўнікамі ведамства зборачнага завода "МАЗ-Азія" ў В'етнаме, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінскага аўтазавода.
У ходзе перагавораў былі абмеркаваны пытанні абнаўлення парка спецыяльнай тэхнікі ведамства. В'етнамскі бок зацікаўлены ў набыцці кранавай і пажарнай спецтэхнікі, а таксама аўтацыстэрнаў на шасі МАЗ.
Падчас візіту прадстаўнікі міністэрства пабывалі на вытворчых плошчах завода і азнаёміліся з узорамі пажарнай аўтацыстэрны на шасі "МАЗ-6501В3" і аўтацыстэрны з лафетным ствалом на шасі "МАЗ-6501В5". Бакі абмеркавалі перспектыўныя напрамкі для развіцця сумеснага супрацоўніцтва і адзначылі значны патэнцыял для далейшага ўзаемадзеяння.
Сустрэча адбылася пры ўдзеле Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў В'етнаме Уладзіміра Баравікова.
Мінскі аўтамабільны завод - адно з найбуйнейшых беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў, якое спецыялізуецца на выпуску велікагрузных аўтамабіляў, спецтэхнікі, аўтобусаў, тралейбусаў і прычапной тэхнікі. Тэхніка адпавядае экалагічным стандартам Еўра-3, 4, 5 і 6. З канвеера завода сыходзяць седлавыя цягачы, бартавыя аўтамабілі, шасі пад устаноўку рознага спецабсталявання - усяго больш за 500 мадэлей і 3 тыс. мадыфікацый.