9 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінская вобласць у гэтым годзе пачала экспартаваць малочную прадукцыю ў дзевяць новых краін. Аб гэтым расказала начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела КУП "Мінаблмясамалпрам" - кіруючая кампанія холдынга "Мясамалпрам" Таццяна Валазгіна на круглым стале ў БЕЛТА "Павышэнне эканамічнай эфектыўнасці жывёлагадоўчай галіны (стратэгія развіцця, навуковае суправаджэнне, перапрацоўка прадукцыі)".
"У нас шырокая геаграфія экспарту. Так, у гэтым годзе мы прыбавілі яшчэ 9 краін. Усяго наша прадукцыя пастаўляецца ў 33 краіны - 16 краін далёкага замежжа, а астатнія - блізкага. Расійская Федэрацыя ў аб'ёме нашага экспарту займае каля 80 працэнтаў. З кожным годам нарошчваем аб'ёмы па пастаўцы прадукцыі ў Кітай, а таксама рэалізуем праекты па стварэнні сумесных вытворчасцей", - расказала Таццяна Валазгіна. Паводле яе слоў, рэалізавана два сумесныя праекты з Таджыкістанам і В'етнамам.
"Слуцкі сыраробны камбінат будзе рэалізоўваць праект па стварэнні ў Кітаі вытворчасці, на якой з нашага сухога малака будуць вырабляцца гатовыя малочныя прадукты. Падпісаны ўжо ўсе дакументы і выбрана пляцоўка для размяшчэння асноўнай вытворчасці. Гэты праект будзе рэалізаваны ў бліжэйшы час", - запэўніла начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела. Яна таксама падкрэсліла, што на замежных рынках папулярнасцю карыстаюцца малочныя прадукты з працяглым тэрмінам захоўвання, у тым ліку сухое малако, масла, сыры, натуральнамалочная прадукцыя, малако і малочныя кактэйлі для дзіцячага харчавання, глазураваныя сыркі.
"Нашы прадпрыемствы ўдзельнічаюць практычна ва ўсіх выстаўках, якія праводзяцца ў рэспубліцы, а таксама выязджаюць за мяжу. Па смакавых і спажывецкіх якасцях наша прадукцыя знаходзіцца на вельмі высокім узроўні", - рэзюмавала Таццяна Валазгіна.