19 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі трактарны завод прадставіць сваю прадукцыю на 28-й міжнароднай выстаўцы сельскагаспадарчай тэхнікі, абсталявання і матэрыялаў для вытворчасці і перапрацоўкі раслінаводчай сельгаспрадукцыі "Югагра-2021", якая пройдзе ў Краснадары з 23 па 26 лістапада. Аб гэтым паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны Telegram-канал МТЗ.
"Прадукцыя нашага прадпрыемства традыцыйна будзе прадстаўлена на "Югагра". Адна з асаблівасцей выставачнага праекта заключаецца ў тым, што ён збірае пераважна прадстаўнікоў гаспадарак і кампаній, якія прымаюць рашэнне аб закупках або ўплываюць на іх. У гэтым годзе сумесна з гандлёвым домам "МТЗ-Паўночны Захад" мы маем намер паказаць пяць трактароў з абноўленай лінейкі: два BELARUS-82.3, а таксама мадэлі 952.3, 1222.3 і 2022.3", - расказала вядучы інжынер па рэкламе і выстаўках упраўлення пратакола і рэкламы маркетынг-цэнтра ААТ "МТЗ" Ірына Самесава.
Міжнародная выстаўка "Югагра" - самая буйная ў Расіі выстаўка сельскагаспадарчай тэхнікі, абсталявання і матэрыялаў для вытворчасці і перапрацоўкі раслінаводчай сельгаспрадукцыі. На ёй дэманструецца шырокая лінейка камбайнаў і трактароў, глебаапрацоўчай, перадпасяўной, пасяўной, пасадачнай і ўборачнай тэхнікі, запчасткі і камплектуючыя, абсталяванне і матэрыялы для аснашчэння сельгаспрадпрыемстваў.
Мінскі трактарны завод - адзін з найбуйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі ў свеце. У склад холдынга акрамя МТЗ уваходзіць 10 прадпрыемстваў, створана каля 20 зборачных вытворчасцей за мяжой. Прадукцыя прадстаўлена на рынках больш як 60 дзяржаў.