31 кастрычніка, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. ААТ "ККХ Мінскі маторны завод" заключыла тры буйныя прамыя кантракты з Пакістанам, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
"Пазітыўная дынаміка двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін паміж Мінскім маторным заводам і кампаніямі з Пакістана дае магчымасць выводзіць супрацоўніцтва на якасна новы ўзровень", - адзначылі на ММЗ.
Асабліва паспяховым у супрацоўніцтве стаў трэці квартал бягучага года. Дзякуючы выверанай і гібкай знешнеэканамічнай палітыцы, якая праводзіцца на заводзе, з пакістанскімі кампаніямі заключана тры буйныя прамыя кантракты.
Так, у адпаведнасці з дагаворнымі пагадненнямі на пастаўку запасных частак з кампаніямі Imperial Auto Store і M.S. Enterprises праводзіцца своечасовая адгрузка запасных частак да дызельных рухавікоў, забяспечана своечасовае паступленне валюты.
Кантракт, заключаны з пакістанскай кампаніяй Amwar Agencies на суму больш як $138 тыс., прадугледжвае продаж партыі запчастак і дызельных рухавікоў мадэлі Д-244. Дызельныя маторы гэтай мадыфікацыі таксама рэгулярна пастаўляюцца Мінскаму трактарнаму заводу для камплектацыі сельскагаспадарчай тэхнікі, якая закупляецца Пакістанам. У адпаведнасці з кантрактам Мінскі маторны завод будзе ажыццяўляць прамую пастаўку рухавікоў і запасных частак, якія ў далейшым будуць выкарыстоўваюцца для рамонту трактароў, якія пабывалі ўжо ў эксплуатацыі ў сельскай гаспадарцы Пакістана.
На прадпрыемстве не плануюць спыняцца на дасягнутым. "Спецыялісты Мінскага маторнага завода нарошчваюць намаганні па развіцці ўзаемадзеяння з пакістанскімі кампаніямі, прапрацоўваюцца фінансавыя пытанні, вядзецца індывідуальная работа і з іншымі пакістанскімі кампаніямі-партнёрамі", - запэўнілі на ММЗ.-0-