3 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Мінскі маторны завод" (ММЗ) у кастрычніку экспартавала ў Кубу прадукцыі на рэкордныя 1,5 млн еўра, паведаміла БЕЛТА прэс-сакратар прадпрыемства Ксенія Перастароніна.
"Па выніках кастрычніка бягучага года зафіксаваны гандлёва-эканамічны рэкорд у супрацоўніцтве Мінскага маторнага завода з кампаніямі Кубы, які прынёс прадпрыемству 1,5 млн еўра. У адрас кубінскай кампаніі Transimport праз Клайпедскі порт было адпраўлена 13 саракафутавых марскіх кантэйнераў, у якіх знаходзіўся 101 рухавік мадэлі Д-260.5С, прызначаны для пераабсталявання аўтамабіляў КамАЗ і амерыканскіх грузавікоў International, а таксама гарантыйныя камплекты да матораў", - расказала Ксенія Перастароніна.
Кантракт заключаўся на ўмовах выкарыстання механізма экспартнага крэдытавання ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" у рамках дзеяння ўказа нумар 534 "Аб садзейнічанні развіццю экспарту тавараў". Мінскі маторны завод вядзе перагаворы з кампаніяй Transimport на наступную пастаўку прадукцыі коштам звыш 2 млн еўра.
Куба - адзін з асноўных знешнегандлёвых партнёраў ММЗ. Аб'ём паставак у гэту краіну ў 2011-2016 гадах склаў больш як $15 млн. Перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва з'яўляецца пераабсталяванне аўтамабільнай тэхнікі дызельнымі рухавікамі беларускай вытворчасці. Тысячы адзінак савецкай аўтамабільнай тэхнікі з выпрацаванымі рэсурсамі рухавікоў знаходзяцца ў эксплуатацыі на тэрыторыі Кубы: ЗІЛы, ГАЗы, "Уралы", КамАЗы, БРДМ-2, БТР-60.
У індывідуальным парадку пад заказчыка на Мінскім маторным заводзе былі распрацаваны абмежаваныя серыі матораў для пераабсталявання карэйскіх, японскіх, кітайскіх, канадскіх, амерыканскіх аўтамабіляў і аўтобусаў Daewoo, HINO, Pegaso, Volvo і іншых, што знаходзяцца ў эксплуатацыі на рынку Кубы. Асноўныя гандлёвыя партнёры ММЗ у Кубе - кампаніі Transimport, Ces Co. Ltd, Guran/Ruscan, SAAM, Farmer. ММЗ гатовы таксама прапанаваць да рэалізацыі дызель-генератары, самаходныя шасі і іншую прадукцыю.
У адпаведнасці з пагадненнем паміж урадамі Беларусі і Кубы аб узаемных пастаўках і ўказам нумар 140 "Аб рэалізацыі міжнароднага дагавора" спецыялісты Мінскага маторнага завода вядуць перагаворы з ДА "Белрэсурсы - кіруючая кампанія холдынга "Белрэсурсы" па праекце пастаўкі на рынак Кубы 348 дызельных рухавікоў на суму $1,75 млн.
Кубінская цэнтральная кампанія па забеспячэнні і продажах грузавых аўтамабіляў і запасных частак Transimport цэнтралізавана ажыццяўляе ўвесь імпарт у краіну складанатэхнічных вырабаў. Кампанія прымае заяўкі ад фермераў, прыватных фірм і дзяржаўных прадпрыемстваў, затым звязваецца з вытворцамі патрэбнай тэхнікі і пасля яе закупкі праводзіць размеркаванне.