6 красавіка, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Мінск і штаб-кватэру Сусветнага банка ў Вашынгтоне 7 красавіка звяжа відэамост, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Алена Касцюкова.
"Увазе міжнароднай фінансавай арганізацыі будзе прадстаўлена спецыяльная прэзентацыя ідэй і планаў па развіцці ў Беларусі масавай ацэнкі нерухомай маёмасці і рэфармаванні падатковай сістэмы. Ініцыятарам правядзення масавай ацэнкі для ўсіх тыпаў нерухомай маёмасці выступае Нацыянальнае кадастравае агенцтва Дзяржаўнага камітэта па маёмасці", - адзначыла Алена Касцюкова.
Да ўдзелу ў відэаканферэнцыі ад беларускага боку запрошаны прадстаўнікі Дзяржкаммаёмасці, Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства фінансаў.
"Адчуць усе нюансы тэхналогіі масавай ацэнкі і масавага фарміравання нерухомай маёмасці і сарыентавацца па ўзроўні затрат на правядзенне такой работы ў цэлым для Беларусі дасць магчымасць пілотны праект, які стартаваў у студзені 2015 года і ажыццяўляецца на тэрыторыі Савецкага раёна Мінска і Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці", - расказала Алена Касцюкова. Паводле яе слоў, у час відэаканферэнцыі прадстаўнікі Сусветнага банка азнаёмяцца з ходам рэалізацыі пілотнага праекта і яго першымі вынікамі. Таксама плануецца абмеркаваць магчымы візіт прадстаўнікоў Сусветнага банка ў Мінск на падагульняючую прэзентацыю праекта, якая адбудзецца з 23 па 27 мая.