19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Другое пасяджэнне сумеснай беларуска-кітайскай камісіі па міжнародных аўтамабільных перавозках адбылося 18 мая пры актыўным садзейнічанні пасольства Беларусі ў Кітаі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў беларускай дыпламатычнай місіі ў КНР.
У час мерапрыемства бакі дасягнулі шэрага дамоўленасцей, у тым ліку па рэалізацыі пілотнага праекта па руху грузаў па маршруце Кітай - Беларусь - Кітай і абмене дазволамі на перавозку.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел з беларускага боку - кіраўніцтва Міністэрства транспарту і камунікацый, Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь і асацыяцыі "БАМАП", з кітайскага боку - кіраўнікі Міністэрства транспарту, Кітайскага транспартнага тэлекамунікацыйнага і інфармацыйнага цэнтра, Навукова-даследчага інстытута аўтамабільных дарог пры Міністэрстве транспарту, Інстытута прафесійнай падрыхтоўкі гэтага ж ведамства, а таксама прадстаўнікі ўпраўленняў транспарту правінцый Цзілінь і Унутраная Манголія, Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна, Кітайскай асацыяцыі аўтамабільнага транспарту.
Камісія была створана для разгляду пытанняў рэалізацыі пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Кітайскай Народнай Рэспублікі аб міжнародных аўтамабільных перавозках пасажыраў і грузаў ад 25 красавіка 2019 года.