14 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у кітайскім горадзе Гуанчжоу Андрэй Папоў сустрэўся з генеральным дырэктарам канцылярыі знешніх сувязей народнага ўрада раёна Наньша Гуанчжоу спадарыняй Чжэн Хуэйжун. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў беларускай загранустанове ў Гуанчжоу.
У кантэксце падпісанага ў кастрычніку 2021 года мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Савецкім раёнам Мінска і раёнам Наньша горада Гуанчжоу бакі, у прыватнасці, дамовіліся правесці ў бліжэйшы час шэраг тэматычных анлайн-мерапрыемстваў з удзелам дзелавых колаў дзвюх краін. На іх у тым ліку прапануецца абмеркаваць гандаль харчовай, складанай тэхнічнай прадукцыяй, супрацоўніцтва ў сферах электроннай камерцыі і лагістыкі.
Субяседнікі пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у наладжванні навукова-тэхнічнага і адукацыйнага ўзаемадзеяння. У сувязі з гэтым папярэдне агучаны такія напрамкі, як біятэхналогіі, фармацэўтыка, вытворчасць медыцынскага абсталявання, штучны інтэлект, прымяненне вынікаў фізічных даследаванняў у вытворчасці прамысловага абсталявання.
Дарэчы, у канцы 2021 года быў запушчаны чарговы маршрут для чыгуначных кантэйнерных перавозак па лініі Кітай - Еўропа - Кітай, зыходнай кропкай якога з'яўляецца тэрыторыя марскога порта ў раёне Наньша горада Гуанчжоу.