30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства прамысловасці зацікаўлена наладзіць супрацоўніцтва са Шры-Ланкай па шырокім спектры напрамкаў. Аб гэтым заявіў намеснік міністра прамысловасці Беларусі Аляксандр Яфімаў у час сустрэчы з міністрам транспарту, развіцця магістралей і СМІ Шры-Ланкі Бандулой Гунаварданам, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Мінпрама.
У перагаворах прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Шры-Ланкі ў Расіі і Беларусі (па сумяшчальніцтве) Джаніта Абейвікрэма Ліянаге, ганаровы консул Шры-Ланкі ў Беларусі Дзмітрый Рузанаў і кіраўнікі беларускіх прамысловых холдынгаў.
Аляксандр Яфімаў адзначыў, што Міністэрства прамысловасці надае вялікае значэнне развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва са Шры-Ланкай. "Мы валодаем сур'ёзным практычным вопытам, кампетэнцыямі, тэхналагічнай і навуковай базай у галіне машынабудавання і гатовы падзяліцца з ланкійскімі партнёрамі. Упэўнены, што шырокі спектр беларускіх тавараў машынабудавання будзе запатрабаваны на рынку Шры-Ланкі", - сказаў намеснік міністра прамысловасці.
На думку Аляксандра Яфімава, высокі патэнцыял ёсць у развіцці супрацоўніцтва ў сферы трактарабудавання. Беларусь гатова прапанаваць усю лінейку трактароў, уключаючы мадэлі для сельскай і камунальнай гаспадаркі. Акрамя таго, шэраг прадпрыемстваў сістэмы Мінпрама выпускаюць увесь спектр абсталявання для сельскай гаспадаркі.
"Такім чынам, можам прапанаваць поўнасцю беларускую тэхналогію, пачынаючы ад паставак тэхнікі і да сэрвіснага і гарантыйнага абслугоўвання. Гэты напрамак можа стаць лакаматывам двухбаковага супрацоўніцтва", - інфармаваў прадстаўнік міністэрства.
Са свайго боку міністр транспарту, развіцця магістралей і СМІ Шры-Ланкі выказаў высокую зацікаўленасць у пастаўках беларускіх электробусаў і трактарнай тэхнікі. "Мы гатовы разгледзець розныя варыянты супрацоўніцтва і аказаць садзейнічанне ў рэалізацыі сумесных праектаў", - падкрэсліў Бандула Гунавардана.
Па выніках перагавораў прынята рашэнне сфарміраваць пакет прапаноў аб патэнцыяльных напрамках супрацоўніцтва.