6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства гандлю ЗША пачало працэдуру аналізу, каб праверыць, ці з'яўляецца Беларусь краінай з нярыначнай эканомікай, паведамілі БЕЛТА ў Мінэканомікі.
На працягу месяца зацікаўленыя бакі прадставяць свае каментарыі ў адносінах да Беларусі па такіх сферах, як валютныя аперацыі, інвестыцыйны рэжым, працоўныя адносіны, дзяржуласнасць, прагрэс у перагаворах па далучэнні да СГА. Пасля гэтага Мінгандаль ЗША ацэніць мэтазгоднасць правядзення публічных слуханняў па пытанні пераводу Беларусі ў катэгорыю краін з рыначнай эканомікай. Канчатковыя вынікі могуць быць апублікаваны ў лістападзе.
Статус краіны з нярыначнай эканомікай быў аўтаматычна атрыманы Беларуссю пасля распаду СССР. Такі статус дазваляе ўраду ЗША для абароны амерыканскіх прадпрыемстваў прымяняць абмежавальныя мытна-тарыфныя меры да асобных відаў беларускай прадукцыі, якія робяць яе экспарт эканамічна немэтазгодным. "Так, пры разліку антыдэмпінгавай пошліны для краіны з нярыначнай эканомікай цана на тавар вызначаецца зыходзячы не з нармальных умоў гэтай краіны, а з умоў спецыяльна падабранай краіны-аналага, што дазваляе ўстанаўліваць завышаны памер пошліны", - растлумачылі ў Мінэканомікі.
Раней паспяхова перагледзелі свой статус эканомікі Расія, Казахстан, Украіна, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Чэхія, Славакія, Венгрыя, Румынія.
У кастрычніку 2019 года паміж Міністэрствам эканомікі і кампаніяй Crowell & Moring было заключана пагадненне па юрыдычным суправаджэнні працэсу па пераводзе Беларусі са статусу краіны з нярыначнай эканомікай у статус краіны з рыначнай эканомікай. Пазней, у снежні, ад асобы беларускага ўрада ў Мінгандаль ЗША была накіравана заяўка на ініцыяванне працэдуры перагляду статусу з прадастаўленнем неабходных аргументаў. Гандлёвае ведамства ЗША палічыла, што беларускім бокам прадастаўлены дастатковыя доказы для пачатку працэдуры.
Як адзначылі ў Мінэканомікі, Беларусь зыходзіць з разумення, што яе эканамічная палітыка ўжо на працягу многіх гадоў адпавядае рыначным прынцыпам, таму перагляд статусу Мінгандлем ЗША дасць магчымасць фармальна пацвердзіць тое, што існуе дэ-факта. "Прысваенне нам статусу краіны з рыначнай эканомікай дазволіць устараніць дыскрымінацыйныя метады разлікаў памераў ставак абаронных пошлін, пазбегнуць іх неабгрунтаванага завышэння адносна беларускай прадукцыі ў ЗША і будзе садзейнічаць нарошчванню беларускага экспарту ў ЗША", - падкрэслілі ў міністэрстве.
Акрамя відавочных эканамічных выгад, у кантэксце нармалізацыі беларуска-амерыканскіх адносін станоўчае вырашэнне гэтага пытання будзе мець сур'ёзныя іміджавыя перавагі для краіны ў сістэме міжнароднага гандлю. Акрамя таго, атрыманне статусу рыначнай эканомікі ў органах ЗША будзе садзейнічаць фарміраванню недыскрымінацыйных абавязацельстваў Беларусі пры далучэнні да СГА.