11 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства фінансаў Беларусі ў 2016 годзе плануе размяшчэнне на ўнутраным рынку дзяржаўных валютных аблігацый юрыдычным і фізічным асобам на суму, эквівалентную $450 млн, паведамляецца на сайце міністэрства.
Размяшчэнне плануецца ажыццяўляць пераважна праз гандлёвую сістэму Беларускай валютна-фондавай біржы.
Аблігацыі 204-га выпуску (для юрыдычных і фізічных асоб на суму $100 млн) і 205-га выпуску (для юрыдычных асоб на суму $50 млн) пачнуць размяшчацца 15 студзеня праз біржу дзяржаўных валютных аблігацый. Размяшчэнне аблігацый праводзіцца ў мэтах рэфінансавання дзярждоўгу, развіцця рынку дзяржаўных каштоўных папер, звязвання даходаў насельніцтва.
Наступныя выпускі дзяржаўных валютных аблігацый будуць ажыццяўляцца з улікам дынамікі размяшчэння аблігацый 204-га і 205-га выпускаў і сітуацыі на ўнутраным рынку.
Аб'ём пагашэння дзяржаўных валютных аблігацый у 2016 годзе складзе $1 256 млн у эквіваленце.
У 2015 годзе Мінфінам размешчана дзяржаблігацый, намініраваных у замежнай валюце, на агульную суму, эквівалентную $2 438 млн. У прыватнасці, было размешчана аблігацый на $953 млн, 1 357 млн еўра і 162 млн расійскіх рублёў. Юрыдычныя асобы выкупілі аблігацыі на $2 388 млн у эквіваленце, фізічныя асобы - $50 млн.