23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стрэс-тэсты на Беларускай АЭС праведзены па еўрапейскай методыцы. Аб гэтым паведаміў у інтэрв'ю выданню New Europe намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк, перадае БЕЛТА.
Паводле слоў намесніка міністра, у 2016 годзе Беларусь правяла стрэс-тэсты па еўрапейскай методыцы, з улікам рэкамендацый, заснаваных на распрацаваных Еўракамісіяй і ENSREG (Еўрапейская група рэгулятараў ядзернай бяспекі) спецыфікацыях. Цяпер нацыянальны рэгулятар (Дзяржатамнагляд) рыхтуе справаздачу па стрэс-тэстах, якая будзе прадстаўлена грамадскасці і Еўрапейскай камісіі. "Мы таксама своечасова падрыхтавалі справаздачу аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе адносна Беларускай АЭС", - падкрэсліў Міхаіл Міхадзюк.
Стрэс-тэсты заключаюцца ў праверцы экстрэмальных уздзеянняў і адаптацыі АЭС на выпадак надзвычайных сітуацый. У ходзе стрэс-тэстаў праводзяцца работы па ацэнцы бяспекі АЭС пры ўзнікненні экстрэмальных знешніх уздзеянняў, прагназуюцца наступствы такіх прыродных фактараў, як спалучэнні затаплення, экстрэмальных умоў надвор'я і знешніх уздзеянняў, наступствы страты функцый бяспекі, выкліканыя стратай электразабеспячэння АЭС.
Беларуская дэлегацыя з удзелам Міхаіла Міхадзюка 13-14 сакавіка сустрэлася ў Люксембургу з прадстаўнікамі Еўрапейскай камісіі. У ходзе сустрэчы быў абмеркаваны шэраг пытанняў, звязаных з узвядзеннем АЭС у Беларусі, у тым ліку па ацэнцы вынікаў стрэс-тэстаў АЭС.