30 чэрвеня, Нур-Султан /БЕЛТА - КАЗІНФАРМ/. Казахстан пачне пастаўку ў Беларусь нафты і нафтапрадуктаў не раней за восень бягучага года. Аб гэтым заявіў міністр энергетыкі Казахстана Нурлан Нагаеў.
"Нядаўна было падпісана пагадненне аб пастаўцы нафты і нафтапрадуктаў у Рэспубліку Беларусь. Цяпер нам трэба ратыфікаваць гэта пагадненне, і пасля ратыфікацыі парламентам мы складзём план і пералік тавараў, якія могуць быць пастаўлены ў Рэспубліку Беларусь, там жа будуць абмяркоўвацца віды нафтапрадуктаў і аб'ёмы", - сказаў Нурлан Нагаеў.
Міністр удакладніў, што гэта адбудзецца не раней за восень бягучага года. "Сёння адбылося закрыццё сёмай сесіі парламента РК, і восенню, калі адновіць парламент сваю работу, мы ўнясём гэты дакумент на ратыфікацыю", - удакладніў Нурлан Нагаеў.
Пагадненне паміж урадамі Беларусі і Казахстана аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў галіне паставак нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь падпісана 28 чэрвеня ў Нур-Султане па выніках перагавораў прэм'ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі і прэм'ер-міністра Казахстана Аскара Маміна. Як заявіў першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Гур'янаў, у бліжэйшы час на ўзроўні суб'ектаў гаспадарання дзвюх краін будуць абмяркоўвацца канкрэтныя аб'ёмы і тэрміны паставак нафты.