30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На рабочай сустрэчы намеснік міністра энергетыкі Беларусі Дзяніс Мароз і намеснік міністра энергетыкі Расіі Павел Снікарс абмеркавалі пытанні стварэння аб'яднанага рынку электраэнергіі дзвюх краін, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага энергетычнага ведамства.
Паведамляецца, што бакі разгледзелі пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння ў рамках рэалізацыі саюзнай праграмы па фарміраванні аб'яднанага рынку электрычнай энергіі, у тым ліку план мерапрыемстваў па стварэнні рынку. Акрамя таго, намеснікі абмеркавалі ход узгаднення пратакола аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у міжурадавае пагадненне аб мерах па забеспячэнні паралельнай работы энергасістэм дзвюх краін.
Як адзначыў Дзяніс Мароз, працэс стварэння агульнага рынку электраэнергіі Саюзнай дзяржавы павінен быць узаемаўвязаны з фарміраваннем агульнага рынку газу. "Прынцыпы функцыянавання рынку газу ў многім будуць вызначаць умовы работы агульнага рынку электраэнергіі, таму разглядаць гэтыя блокі пытанняў мы павінны паралельна", - адзначыў намеснік міністра.
Дзяніс Мароз і Павел Снікарс таксама наведалі Беларускую атамную электрастанцыю, дзе азнаёміліся з ходам работ па яе збудаванні.