27 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першых праяў павышанай актыўнасці ў сувязі з прыняццем дэкрэта нумар 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва" трэба чакаць ад суб'ектаў у сферы гандлю і грамадскага харчавання. Такое меркаванне выказаў намеснік міністра эканомікі Беларусі Дзмітрый Матусевіч у праграме "Галоўны эфір" на канале "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.
З прыняццем дэкрэта многія прадстаўнікі бізнесу і тыя, хто толькі плануе арганізаваць сваю справу, адчулі сябе больш упэўнена. Цяпер пры выкарыстанні паведамляльнага прынцыпу спатрэбіцца ўсяго адзін дзень, каб пачаць працаваць, а раней атрыманне ўсіх дазволаў магло зацягнуцца на паўгода, адзначыў Дзмітрый Матусевіч. "Прыняты таксама 345-ы ўказ аб развіцці гандлю ў вёсцы і бытавога абслугоўвання. Гэтыя два дакументы ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго. І ў гандлі ўжо з вясны мы ўбачым першыя вынікі", - сказаў намеснік міністра.
Тое, што найбольшай актыўнасці цяпер варта чакаць у сферы гандлю і грамадскага харчавання, пацвердзіла і віцэ-старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў Лілія Коваль. "Менавіта гэты дэкрэт чакалі тыя, хто збіраецца адкрываць сваю справу", - сказала яна.
Акрамя таго, намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Ігар Фамін прагназуе павышэнне актыўнасці ў сферы інтэрнэт-гандлю, паколькі дэкрэт спрашчае работу інтэрнэт-магазінаў і такіх пляцовак.