19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі маторны завод у першым паўгоддзі нарасціў экспарт прадукцыі больш як на 17 працэнтаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
За шэсць месяцаў бягучага года холдынгам чакаецца выкананне ўсіх ключавых паказчыкаў эфектыўнасці, устаноўленых Міністэрствам прамысловасці. "Паказчык па энергазберажэнні склаў мінус 3,5 працэнта пры заданні мінус 2,5 працэнта. ММЗ за студзень - чэрвень адносна аналагічнага перыяду мінулага года павялічыў экспарт на 17,3 працэнта пры заданні прыросту на 6,7 працэнта. Тэмп росту аб'ёму інвестыцый у супастаўных умовах дасягнуў 101,4 працэнта. Рэнтабельнасць продажаў у прамысловасці пры заданні 9,3 працэнта чакаецца на ўзроўні 12,3 працэнта", - расказалі ў прэс-службе.
Акрамя ключавых паказчыкаў, прадпрыемства выканала наступныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, устаноўленыя бізнес-планам: выраблена амаль 26 тыс. рухавікоў, тэмп росту - 102,1 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года. Уся вырабленая прадукцыя рэалізуецца спажыўцу.
Намінальная сярэднямесячная заработная плата складае амаль Br2010.
Геаграфія паставак прадукцыі (уключаючы запасныя часткі) налічвае 18 краін: Беларусь, Расійская Федэрацыя, Казахстан, Узбекістан, Азербайджан, Малдова, Грузія, Чэхія, Балгарыя, Германія, Венгрыя, Літва, Пакістан, Польшча, Зімбабвэ, Манголія, Тога, ПАР.
Доля адгрузкі ў Рэспубліку Беларусь склала 66 працэнтаў, экспарт - 34 працэнты. У экспартнай адгрузцы доля Расійскай Федэрацыі займае 87,6 працэнта, краіны СНД і далёкае замежжа - па 6,2 працэнта адпаведна.
Тавараправодная сетка Мінскага маторнага завода шырока развіта, у сферы інтарэсаў знаходзяцца дзяржавы Еўрапейскага рэгіёна, а таксама перспектыўныя рынкі Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амерыкі.
У бягучым годзе тавараправодная сетка інтэнсіўна развіваецца на перспектыўных рынках. Заключаны новыя дылерскія дагаворы з кампаніямі, якія спецыялізуюцца на пастаўцы рухавікоў і запасных частак да сельскагаспадарчай тэхнікі ў Расійскай Федэрацыі, Кыргызстане, Азербайджане і Балгарыі.
"У пачатку года заключаны перспектыўны ў сваім развіцці кантракт і праведзена пастаўка рухавікоў для вытворчасці спецтэхнікі ў адрас венгерскай кампаніі. Адкрыццё ў мінулым годзе ўласных суб'ектаў тавараправоднай сеткі ў Казахстане і Узбекістане дало магчымасць зарэкамендаваць прадукцыю ММЗ на высокім узроўні якасці. Аб'ёмы рэалізацыі прадукцыі істотна выраслі, замацаваўшы пазіцыю Мінскага маторнага завода на гэтых рынках", - падкрэслілі на прадпрыемстве.
Мінскі маторны завод вырабляе дызельныя, газадызельныя і газапоршневыя маторы, наладжаны выпуск дызель-генератарных і перасовачных кампрэсарных станцый, спецтэхнікі. Рухавікі пастаўляюцца на канвееры больш як 50 прадпрыемстваў Беларусі, Расійскай Федэрацыі, краін СНД і далёкага замежжа. У гэтым годзе 23 ліпеня ММЗ адзначае 60 гадоў з дня свайго заснавання.