27 сакавіка, Ашхабад /Алена Прус - БЕЛТА/. Сэрвісны цэнтр беларускай тэхнікі будзе лепшым цэнтрам у Туркменістане. Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч, які ў час рабочага візіту ў гэту краіну наведаў сёння будаўнічую пляцоўку сэрвіснага цэнтра беларускай тэхнікі ў Ашхабадзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Будаўніцтва, пачатае ў маі 2014 года, знаходзіцца ў актыўнай стадыі. Кошт праекта складае $10,5 млн. Гэта першы такі сэрвісны цэнтр беларускай тэхнікі і па маштабах, і па комплексе паслуг (напрыклад, аналагічны цэнтр КамАЗа ўдвая меншы). Першапачаткова планавалася будаўніцтва сэрвіснага цэнтра МАЗа, але потым было прынята рашэнне ўзводзіць комплексны аб'ект. Тут будуць ажыццяўляцца продаж тэхнікі і запчастак, забяспечвацца якаснае сэрвіснае абслугоўванне, весціся падрыхтоўка неабходных Туркменістану рабочых кадраў - вадзіцеляў, механікаў, электрыкаў. Невыпадкова Міхаіл Мясніковіч назваў гэты шматфункцыянальны комплекс VIP-цэнтрам.
Знаёмячыся з ходам работ, Міхаіл Мясніковіч пацікавіўся, ці магчыма ў перспектыве прадастаўляць плошчы цэнтра ў арэнду працуючым у Туркменістане беларускім кампаніям і захоўваць тут харчовыя тавары. Адказ быў станоўчы. Першымі з арандатараў могуць быць "Белгархімпрам", Беларуска-туркменскі гандлёвы дом. Агульная плошча маразільнікаў складае 360 кв.м.
Паводле слоў старшыні савета дырэктараў холдынга
Yaraw Эрнэста Аляксеева, агульная тэрыторыя цэнтра складае 22 тыс. кв.м, пад забудову адведзена 9655 кв.м, пад склады - 3450 кв.м. Прадугледжаны зона перадпродажнай падрыхтоўкі, аўтастаянкі для грузавых і легкавых аўтамабіляў, сэрвісны цэнтр, станцыя тэхнічнага абслугоўвання і інш. Эрнэст Аляксееў праінфармаваў, што склад можа ўмясціць 200 машын. У цэнтры будуць знаходзіцца не толькі неабходныя адміністрацыйныя памяшканні, зала пасяджэнняў, пакоі для перагавораў, прызначаныя для вядзення бізнесу на сучасным узроўні, але і ФАК. Міхаіл Мясніковіч адазваўся з адабрэннем: "Для людзей цяпер важны і ўзровень заработнай платы, і сацыяльны пакет". Эрнэст Аляксееў упэўнены, што з наборам персаналу цэнтра праблем не будзе.Міхаіл Мясніковіч паставіў задачу першы пускавы комплекс завяршыць у ліпені бягучага года. Да гэтага часу на лінейцы гатоўнасці павінен быць склад, сэрвіс, трэба правесці добраўпарадкаванне і зрабіць фасад адміністрацыйнага будынка. Яшчэ два месяцы адводзіцца на завяршэнне астатніх работ, і ў верасні цэнтр неабходна ўвесці ў эксплуатацыю. Эрнэст Аляксееў запэўніў, што тэрміны - пры рытмічным фінансаванні (гэта камерцыйны праект) - рэальныя. Да ўрачыстага адкрыцця цэнтра, намечанага на снежань 2015 года, комплекс павінен функцыянаваць у нармальным рэжыме, падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. Ён дадаў, што аб гэтым ішла размова на сустрэчы з прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым, якая адбылася 26 сакавіка ў Ашхабадзе.
Больш таго, на думку Міхаіла Мясніковіча, мэтазгодна стварыць у Туркменістане яшчэ чатыры рэгіянальныя сэрвісныя цэнтры беларускай тэхнікі (няхай і менш маштабныя). "Будзем прасіць туркменскі бок прадаставіць для гэтага зямельныя ўчасткі з найменшым абцяжараннем", - сказаў ён.
У ходзе наведвання будпляцоўкі сэрвіснага цэнтра беларускай тэхнікі ў Ашхабадзе старшыня Савета Рэспублікі выказаў ідэю арганізацыі ў Туркменістане аўтаралі. "Такое відовішчнае спаборніцтва грузавых аўтамабіляў было б цікавым ходам. Мы падрыхтавалі б каманду, туркменскі бок - трасу. У складаных кліматычных умовах Туркменістана наша тэхніка сябе добра зарэкамендавала, а на гэтых спаборніцтвах яна праявіла б і свае лепшыя "байцоўскія" якасці", - сказаў ён.
Акрамя таго, Міхаіл Мясніковіч лічыць магчымым правесці шоу з удзелам тэхнікі такіх прадпрыемстваў, як МАЗ, МТЗ, "Амкадор". Не выключана, што "сцэнай" стане пляцоўка сэрвіснага цэнтра беларускай тэхнікі.