13 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл
Мясніковіч лічыць перспектыўным супрацоўніцтва з Іранам у рэалізацыі інвестыцыйных праектаў і прамысловай кааперацыі. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь Мастафой Авейсі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што беларускі бок настроены на рэалізацыю праектаў у рамках і двухбаковага, і шматбаковага супрацоўніцтва. "Што датычыцца двухбаковага супрацоўніцтва, гэта, безумоўна, інвестыцыйныя праекты, прамысловая кааперацыя. Тут можа быць рэалізавана вельмі шмат цікавых ідэй, падыходаў, каб гэтыя праекты былі ўзаемавыгадныя не толькі ў рамках двухбаковых кантактаў, але і як работа з кампаніямі трэціх краін", - сказаў ён.
Спікер адзначыў, што задаволены вынікамі нядаўняга афіцыйнага візіту ў Іран беларускай парламенцкай дэлегацыі. "Я праінфармаваў Прэзідэнта нашай краіны. Усе тэмы, пытанні і праекты, якія былі прадметам абмеркавання ў час сустрэчы з Прэзідэнтам Ірана, міністрам замежных спраў, іншымі службовымі асобамі, атрымліваюць падтрымку і, безумоўна, будуць рэалізоўвацца беларускім бокам у адпаведнасці з дасягнутымі дамоўленасцямі", - запэўніў Міхаіл Мясніковіч. Ён дадаў, што ўражаны канструктыўнымі прапановамі і ідэямі іранскага боку па магчымым удзеле Беларусі ў транснацыянальных транспартных калідорах "Поўнач-Поўдзень", "Захад-Усход". Уяўляецца, што гэта будзе эканамічны пояс супрацоўніцтва, у першую чаргу інфраструктурны, які будзе абрастаць камерцыйнымі праектамі.
Міхаіл Мясніковіч выказаў надзею, што пасол Ірана ў час работы ў Беларусі адкрые новую старонку супрацоўніцтва, тым больш што для гэтага ёсць усе падставы. "Ёсць палітычная воля ўлад нашых дзяржаў на ўмацаванне супрацоўніцтва і яго пашырэнне. Ёсць шмат цікавых праектаў", - сказаў ён.