24 лістапада, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. Неабходна ажывіць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Новасібірскай вобласцю Расійскай Федэрацыі, заявіў сёння старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з губернатарам Новасібірскай вобласці Уладзімірам Гарадзецкім, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Увогуле я пазітыўна ацэньваю наша супрацоўніцтва, але ў нас крыху спаў тавараабарот. Можа, неабходны прынцыпова новыя падыходы, каб ажывіць гандлёва-эканамічны і іншыя працэсы", - сказаў Міхаіл Мясніковіч. Ён растлумачыў, што маецца на ўвазе ўдасканаленне схем крэдытавання паставак, развіццё прамысловай кааперацыі. Пры гэтым Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што пры пастаўках тэхнікі трэба больш абапірацца на лізінг.
"У нас вельмі вялікае поле для пашырэння адносін", - падкрэсліў старшыня Савета Рэспублікі. Міхаіл Мясніковіч выказаў удзячнасць новасібірскаму губернатару за падтрымку беларуска-расійскага супрацоўніцтва.
Пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і Адміністрацыяй Новасібірскай вобласці Расійскай Федэрацыі аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве было падпісана 8 снежня 2012 года. У 2014 годзе ўзаемны тавараабарот склаў $230,1 млн, а ў студзені-верасні 2015 года - $103,8 млн. Аснова беларускага экспарту - пастаўкі трактароў і седлавых цягачоў, нафтапрадуктаў, панчошна-шкарпэтачных вырабаў, вылічальных машын. У 2015 годзе павялічыліся пастаўкі сыроў, тварагу, цукру і іншых тавараў з Беларусі. З Новасібірскай вобласці ў Беларусь пастаўляюцца харчовыя і фармацэўтычныя тавары, прадукцыя хімічнай прамысловасці, вырабы з пластмасы, тэкстыль, абутак і г.д.