7 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч чакае, што на ІІІ Форуме рэгіёнаў будзе падпісана кантрактаў не менш як на $300 млн. Аб гэтым ён паведаміў сёння ў час сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянцінай Мацвіенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Акрамя тых 39 пагадненняў, якія плануецца прыняць, вельмі вялікі камерцыйны складнік. Мы лічым, што экспартна-імпартных кантрактаў будзе падпісана не менш як на $300 млн", - заўважыў спікер. Паводле яго слоў, гэта сведчыць аб даволі высокім базісе ў гандлёва-эканамічнай сферы, а таксама аб тым, што рэзервы ёсць і іх можна нарошчваць.
Міхаіл Мясніковіч выказаў задавальненне высокім узроўнем прадстаўніцтва на мерапрыемстве, якое праходзіць у беларускай сталіцы, а таксама запэўніў, што беларускім і расійскім бакамі будуць прыкладзены максімальныя намаганні для таго, каб апраўдаць чаканні ад Форуму. "Для нас вялікі гонар і адказнасць, што ўдзел у ім прымаюць прэзідэнты Беларусі і Расіі", - заўважыў ён.
У сваю чаргу Валянціна Мацвіенка падзякавала за гасцінны прыём на беларускай зямлі і адзначыла маштабную арганізацыйную работу, якая была праведзена па падрыхтоўцы Форуму. Яна канстатавала, што расійскі бок задаволены тэмпамі развіцця двухбаковага стратэгічнага партнёрства, фарміравання Саюзнай дзяржавы. Спікер Савета Федэрацыі нагадала, што ў рэгулярным кантакце знаходзяцца лідары дзвюх краін, актыўна ўзаемадзейнічаюць урады і прэм'ер-міністры, супрацоўнічаюць знешнепалітычныя ведамствы. Што датычыцца парламенцкіх структур, яны сумесна працуюць як на двухбаковым узроўні, так і ў рамках Саюзнай дзяржавы, дзе ёсць магчымасць абменьвацца вопытам заканатворчай работы, весці работу па далейшай гарманізацыі заканадаўстваў і ствараць заканадаўча-прававыя ўмовы для рэалізацыі дамоўленасцей, якія дасягаюцца на вышэйшым і высокім узроўнях.
"Міжрэгіянальныя сувязі сталі канстантай двухбаковых сувязей, - падкрэсліла Валянціна Мацвіенка. - Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва дае рэальныя вынікі ў розных сферах, гэта значыць такі фармат вельмі запатрабаваны".
ІІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі праходзіць у Мінску 7-8 чэрвеня, яго мэта - пашырэнне рэгіянальнага ўзаемадзеяння і садзейнічанне ўстанаўленню прамых кантактаў паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі ў сацыяльна-эканамічнай, навукова-адукацыйнай, культурна-гуманітарнай і іншых сферах. Спецыяльна да форуму прымеркавалі міжнародную выстаўку "Белагра-2016", якая таксама адкрываецца сёння. У гэтым годзе яна праходзіць на тэрыторыі аэрапорта Мінск-1 і аб'ядноўвае больш як 500 кампаній з 20 краін. У другі дзень форуму пройдзе пленарнае пасяджэнне на тэму "Рэалізацыя ўзгодненай сацыяльна-эканамічнай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве: дасягненні, праблемы, шляхі вырашэння і перспектывы". Для ўдзелу ў форуме прыбылі прадстаўнікі амаль 40 расійскіх рэгіёнаў, у тым ліку 13 губернатараў, 4 намеснікі губернатараў, 3 старшыні заканадаўчых сходаў, а таксама 3 старшыні ўрада.