17 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч чакае, што ў час IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі будзе падпісана кантрактаў на суму не менш як $300 млн. Аб гэтым спікер заявіў сёння ў час пашыранай нарады па пытаннях падрыхтоўкі форуму, якая прайшла ў фармаце відэаканферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мерапрыемства вельмі адказнае, гэта, безумоўна, пляцоўка для актуалізацыі пытанняў саюзнага будаўніцтва і прамога дыялогу кіраўнікоў рэгіёнаў", - упэўнены Міхаіл Мясніковіч. Паводле яго слоў, асаблівая ўвага будзе ўдзелена пытанням эканамічнага супрацоўніцтва, таму да пазначанага тэрміну неабходна завяршыць падрыхтоўку для падпісання пагадненняў і адпаведных камерцыйных гандлёва-эканамічных і інвестыцыйных кантрактаў.
Старшыня верхняй палаты парламента нагадаў, што на ІІ Форуме рэгіёнаў беларускімі і расійскімі суб'ектамі гаспадарання былі падпісаны кантракты больш як на $230 млн. Вынік ІІІ Форуму рэгіёнаў - кантракты на $300 млн. "На чацвёртым форуме трэба пастарацца для таго, каб гэтыя сумы былі не ніжэйшыя. Ужо той папярэдні аналіз, які я маю, сведчыць аб тым, што гэта рэальна, і яшчэ раз пацвярджае велізарны патэнцыял, рэзерв, які ёсць у нашых рэгіёнаў і суб'ектаў гаспадарання", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.
Адна з асаблівасцей будучага мерапрыемства ў тым, што ў гэтыя дні пройдзе таксама пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Акрамя таго, напярэдадні форуму будуць праходзіць Дні навукі Беларусі ў Расіі. "Форуму рэгіёнаў будзе папярэднічаць шэраг навуковых мерапрыемстваў. Дні навукі павінны разглядацца як састаўная частка форуму", - лічыць спікер.
Ён звярнуў увагу, што ў пленарным пасяджэнні плануецца ўдзел Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліў важнасць выканання прамых даручэнняў кіраўнікоў дзвюх краін, якія былі дадзены год таму, на трэцім форуме.
У нарадзе прынялі ўдзел члены Прэзідыума Савета Рэспублікі, члены арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні IV Форуму рэгіёнаў, прадстаўнікі зацікаўленых органаў дзяржкіравання і арганізацый. У абласных студыях прысутнічалі кіраўнікі абласных выканаўчых камітэтаў і Саветаў дэпутатаў.
Удзельнікі мерапрыемства дэталёва разгледзелі праект праграмы будучага мерапрыемства, пытанні правядзення пленарнага і секцыйных пасяджэнняў. Асаблівая ўвага была ўдзелена абмеркаванню арганізацыйных аспектаў падрыхтоўкі і правядзення спецыялізаванай выстаўкі, кірмашу-продажу беларускай прадукцыі, падпісання пагадненняў аб супрацоўніцтве.
Міхаіл Мясніковіч адзначыў неабходнасць выпрацоўкі канкрэтных рашэнняў па пытаннях парадку дня пленарнага і секцыйных пасяджэнняў, накіраваных на актывізацыю беларуска-расійскага ўзаемадзеяння, перш за ўсё, у сферы высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнага грамадства, і рэалізацыю адпаведных сумесных праектаў.
IV Форум рэгіёнаў на тэму "Вектары інтэграцыйнага развіцця рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў сферы высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнага грамадства" пройдзе 29-30 чэрвеня ў Маскве ў Цэнтральным выставачным комплексе "Экспацэнтр".