1 верасня, Пінск /Аляўціна Чарнаволава - БЕЛТА/. Беларусь разлічвае на павелічэнне экспарту ў рэгіёны Расійскай Федэрацыі. Аб гэтым сёння заявіў журналістам у час рабочай паездкі ў Пінск старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Сочы 17-18 верасня пройдзе ІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. На ім беларускія прадпрыемствы прадставяць сваю найлепшую прадукцыю, у тым ліку навукова-тэхнічную, прамысловую, харчовую. "Акрамя пагадненняў рэгіянальнага характару мы плануем падпісаць камерцыйных і гандлёва-эканамічных кантрактаў як мінімум на $100 млн. У прыватнасці, Новасібірская вобласць выказвае інтарэс да прадукцыі, якая вырабляецца на ППГА "Палессе". Асаблівы попыт - на верхні трыкатаж", - расказаў Міхаіл Мясніковіч.
Старшыня Савета Рэспублікі, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, адзначыў, што ў Сочы беларуская мясная і малочная прадукцыя, лёгкая прамысловасць пераважна будзе прадстаўлена таварамі прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці. Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што форум дасць дадатковы імпульс развіццю рэгіянальных адносін. "Мы крыху перазагрузілі гэты напрамак узаемаадносін. Ён павінен прадугледжваць у першую чаргу глыбокую інтэграцыю таварнага супрацоўніцтва, стварэнне сумесных кампаній. У рамках беларуска-расійскіх адносін павінны фарміравацца правобразы транснацыянальных карпарацый. Гэта створыць умовы для яднання", - лічыць ён.
У Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі прымуць удзел амаль 400 прадстаўнікоў дзвюх краін. Арганізатарамі мерапрыемства з'яўляюцца Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі.