9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы ў першым квартале 2021 года прыкладна ў восем разоў павялічылі аб'ёмы закупак праз Беларускую ўніверсальную таварную біржу, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.
Амаль 5,5 тыс. т мясной сыравіны і паўфабрыкатаў для патрэб беларускіх мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў на агульную суму Br28,2 млн рэалізавана ў першым квартале 2021 года на таргах Беларускай універсальнай таварнай біржы. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года аб'ёмы закупак мясной прадукцыі выраслі ў 7,8 раза ў натуральным выражэнні і ў 8,4 раза ў вартасным.
Больш за палавіну патрэбнасці айчынных мясакамбінатаў у сыравіне закрылі мясцовыя вытворцы, у той час як астатні аб'ём быў забяспечаны шляхам імпартных здзелак. Пры гэтым пашырылася кола замежных пастаўшчыкоў, якія выкарыстоўваюць біржавую пляцоўку. Так, у бягучым годзе пачаліся закупкі мяса ў Грузіі, і па выніках першага квартала сума здзелак ужо склала Br1,6 млн. Акрамя таго, мясная сыравіна пастаўлялася ў Беларусь з Вялікабрытаніі, Латвіі, Літвы і Польшчы.
"Павышаная актыўнасць мясаперапрацоўшчыкаў звязана з ростам попыту на тавары харчовай групы, і ў тым ліку каўбасныя вырабы і мясныя кансервы, якія выпускаюцца айчыннымі мясакамбінатамі. На біржы акрэдытаваны некалькі соцень вытворцаў мясной сыравіны і паўфабрыкатаў з Беларусі, краін Балтыі, Паўночнай Еўропы, Азіі і іншых рэгіёнаў блізкага і далёкага замежжа. Гэта дае магчымасць набываць любы неабходны аб'ем прадукцыі, выбіраючы самыя выгадныя прапановы. Пры гэтым пастаянна прыцягваюцца на таргі новыя пастаўшчыкі, што павышае канкурэнцыю і садзейнічае больш эфектыўнай рабоце біржавога механізма", - адзначылі ў прэс-службе.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі прайшлі ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных бірж ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.