26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын сустрэўся з дэлегацыяй China merchants international corporation. Бакі абмеркавалі пытанні паставак у Ганконг прадукцыі, якая вырабляецца ў цэнтральным рэгіёне Беларусі.
Візіт кітайскай дэлегацыі стаў лагічным працягам супрацоўніцтва Мінскай вобласці з карпарацыямі правінцыі Гуандун і Ганконга пасля рабочай камандзіроўкі туды старшыні аблвыканкама.
"Вынікі візіту ў Кітай паказваюць, што нашы дамоўленасці выконваюцца. У нас ужо ёсць новыя планы, якія мы будзем рэалізоўваць, асабліва ў частцы супрацоўніцтва з малочнымі і мяснымі камбінатамі", - адзначыў Аляксандр Турчын.
Спіс пастаўляемых прадуктаў у Кітай папоўніць сухое малако, мяса і субпрадукты. Прапрацоўваецца пытанне паставак або вытворчасці каўбасных вырабаў. Кітайскія партнёры адзначылі высокую якасць гэтай прадукцыі. Асноўныя віды дзейнасці China merchants international - гэта імпарт і экспарт розных груп тавараў.
"Кітайскім пакупнікам падабаюцца беларускія прадукты", - падкрэсліў кіраўнік кітайскай дэлегацыі, генеральны менеджар China merchants international corporation Алекс Сю. Ён спадзяецца, што гэтыя прадукты будуць папулярнымі не толькі ў Кітаі (у прыватнасці ў Ганконгу), але і іншых краінах Паўднёва-Усходняй Азіі.
У сваю чаргу намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Дзяніс Курленка звярнуў увагу: "У Кітаі былі пэўныя дамоўленасці па пастаўках нашай мяса-малочнай прадукцыі. І прадстаўнікі China merchants international corporation наведалі мясакамбінат, сыраробны камбінат, каб больш глыбока прапрацаваць пытанні паставак. Акрамя таго, у час візіту з'явілася цікавасць да прадукцыі раслінаводства і цукровай, таму на працягу візіту госці наведаюць яшчэ шэраг прадпрыемстваў".