20 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік Рэспублікі Калмыкія Бату Хасікаў пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам расказаў журналістам аб сферах і напрамках супрацоўніцтва, якія абодва бакі маюць намер актыўна задзейнічаць у бліжэйшы час, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нас ужо ёсць фундамент у адносінах. Але, як падкрэсліў Аляксандр Рыгоравіч, наша ўзаемадзеянне сімвалізуе новы віток у развіцці ўзаемаадносін, і трэба гэты патэнцыял нарошчваць", - звярнуў увагу кіраўнік рэгіёна.
Паводле яго слоў, асаблівую цікавасць для Калмыкіі прадстаўляе супрацоўніцтва ў аграпрамысловым комплексе. "У нас актыўна развіваецца сельская гаспадарка - раслінаводства і жывёлагадоўля. Але для таго, каб рабіць гэта эфектыўна, патрэбна сельгастэхніка. Так склалася, што ў нас дзве трэці сельгастэхнікі выраблены ў Беларусі. Сёння востра стаіць задача па мадэрнізацыі сельгастэхнікі і забеспячэнні сістэмы абслугоўвання. У гэтым сэнсе Аляксандр Рыгоравіч нас падтрымаў, будзем працаваць", - сказаў кіраўнік рэгіёна.
У сваю чаргу Калмыкія гатова падзяліцца напрацоўкамі ў галіне жывёлагадоўлі. У дзяржуніверсітэце рэгіёна ёсць Інстытут генетыкі, які рэалізуе эмбрыёны сельскагаспадарчых жывёл. "Мы ганарымся нацыянальнымі пародамі, яны ўстойлівыя да розных захворванняў, кліматычных умоў. Тут мы гатовы наша ўзаемадзеянне ўзмацніць", - адзначыў Бату Хасікаў.
Паводле яго слоў, яшчэ адзін перспектыўны напрамак - будаўніцтва. У Калмыкіі ўзводзіцца шмат сацыяльных аб'ектаў, жылля, дарог. Ёсць неабходнасць у адпаведных матэрыялах, таму абмяркоўваецца магчымасць паставак цэменту з Беларусі. Дасягнута дамоўленасць аб прыёме на навучанне па спецыяльнасцях будаўнічага профілю айчынных ВНУ студэнтаў з Калмыкіі.
Са свайго боку Калмыкія прапануе беларусам шырокі турыстычны патэнцыял, напрыклад наведванне ўнікальнага нацыянальнага запаведніка "Чорныя землі", дзе жывуць самыя старажытныя антылопы ў свеце - сайгакі. "Шмат ёсць месцаў сілы. Тым больш Калмыкія - будысцкі рэгіён, які знаходзіцца ў еўрапейскай частцы Расіі. Гасцям, турыстам цікава акунуцца і пазнаёміцца з нашай унікальнай культурай. Мы запрашаем вас, упэўнены, узаемная цікавасць будзе", - адзначыў кіраўнік рэгіёна. Паводле яго слоў, у Беларусі створана цудоўная інфраструктура ў сферы турызму, ёсць мноства санаторыяў, дамоў адпачынку, якія напэўна зацікавяць жыхароў Калмыкіі. "Тут адназначна ёсць патэнцыял. Я падкрэсліваю, гэта той напрамак, які ўжо сёння можа даць эфект, калі, вядома, мы будзем гэтым актыўна займацца", - сказаў ён.
Гаворачы пра двухбаковы тавараабарот, Бату Хасікаў прызнаў, што яго ўзровень пакуль не такі высокі, але дынаміка абнадзейвае: калі ў 2021 годзе ён складаў $700 тыс., то ў 2022-м - $1,3 млн.