21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. КВУП "Мазырскія малочныя прадукты" павялічыць тэрміны захоўвання прадукцыі на аснове інавацыйных тэхналогій для выхаду на новыя аддаленыя рынкі збыту. Аб гэтым ішла размова ў час сустрэчы старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандра Шуміліна з працоўным калектывам прадпрыемства, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе ДКНТ.
"У час сустрэчы адбылася грунтоўная размова па пытаннях выпуску новай прадукцыі і пашырэння геаграфіі экспарту, а таксама мадэрнізацыі асноўнай вытворчасці. У прыватнасці, да 2025 года прадугледжваецца правесці тэхнічнае перааснашчэнне прадпрыемства. Плануецца замяніць маральна ўстарэлае абсталяванне, павысіць якасць і значна пашырыць асартымент выпускаемай прадукцыі, павялічыць тэрміны яе захоўвання на аснове інавацыйных тэхналогій, каб забяспечыць магчымасць выхаду на новыя аддаленыя рынкі збыту", - сказалі ў прэс-службе.
Аляксандр Шумілін звярнуў увагу, што цяпер фарміруецца дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця на 2021-2025 гады. Ён адзначыў, што ў новую праграму будуць уключаны самыя эфектыўныя праекты па стварэнні новых вытворчасцей, якія маюць вызначальнае значэнне для развіцця краіны. Паводле яго слоў, "Мазырскія малочныя прадукты" могуць рэалізаваць інавацыйны праект па паглыбленай перапрацоўцы малочнай сыравіны, у тым ліку з выкарыстаннем апошніх дасягненняў навукі ў галіне сінтэзу новых малочнакіслых бактэрый.
Старшыня ДКНТ наведаў таксама ААТ "Беларускабель", якое лічыцца адным з лепшых у кабельнай галіне СНД.
КВУП "Мазырскія малочныя прадукты" спецыялізуецца на перапрацоўцы малака, вытворчасці і рэалізацыі малочнай і кісламалочнай прадукцыі, тварожных дэсертаў, сметанковага масла, сухога абястлушчанага малака. У 2015 годзе на прадпрыемстве праведзена мадэрнізацыя тварожнага ўчастка і наладжана вытворчасць новых відаў высакаякасных натуральных тварожных вырабаў з павялічаным тэрмінам захоўвання. На сёння загружанасць вытворчых магутнасцей складае 100 працэнтаў. За студзень-верасень 2020 года аб'ём вытворчасці прадукцыі ў фактычных адпускных цэнах Br76 млн, тэмп росту - 107 працэнтаў. На прадпрыемстве працуе звыш 400 чалавек.