22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Расійская кампанія "Лукойл" выплаціла першы транш кампенсацыі Мазырскаму нафтаперапрацоўчаму заводу за брудную нафту, якая паступіла на прадпрыемства ў 2019 годзе, паведамілі БЕЛТА на МНПЗ.
"Расійскія кампаніі ў рамках дасягнутых дамоўленасцей пачалі адносна Мазырскага НПЗ працэс кампенсацыі за пастаўленую вясной 2019 года нафту гатунку Urals c высокай колькасцю хлорарганікі. Так, 21 студзеня 2021 года на завод паступіў першы транш ад ПАТ "Лукойл" у памеры 1 045 млн расійскіх рублёў, што ў эквіваленце складае каля $14 млн", - паведамілі на прадпрыемстве.
Агульная сума кампенсацыі павінна скласці каля $60 млн.
Як паведамлялася, канцэрн "Белнафтахім" 19 красавіка 2019 года заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці расійскай нафты Urals, якая паступае па трубаправодзе "Дружба". Колькасць хлорарганічных злучэнняў у ёй у дзясяткі разоў перавышала гранічныя значэнні па стандарце. У выніку шэраг краін перастаў прымаць і перапрацоўваць расійскую нафту. Абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы - Мазырскі НПЗ і ААТ "Нафтан" - вымушаны былі знізіць загрузку магутнасцей і панеслі страты, урон быў нанесены і трубаправоднай сістэме.
У лютым 2020 года Беларусь падпісала пратакол з РФ аб кампенсацыі за брудную нафту. Тады "Белнафтахім" разлічваў на кампенсацыю з разліку $15 за бараль, або больш за $61 млн за перапрацоўку 563 тыс. т бруднай нафты на Мазырскім НПЗ.