5 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі аўтамабільны завод упершыню прадставіць унікальны мега-пыласос - падмятальна-прыбіральную машыну МАЗ-5917В2-F10 на форуме WasteTech-2017, які пройдзе 6-8 чэрвеня ў Маскве, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны сайт прадпрыемства.
Спецмашына сабрана сумесна з нямецкай кампаніяй Faun і здольна за кароткія тэрміны вычышчаць гарадскія дарогі і вуліцы. "Падмятальна-прыбіральная машына ўзяла лепшае ад двух вытворцаў. На беларускае шасі МАЗ-5340B2 устанавілі перадавое нямецкае абсталяванне. У выніку мега-пыласос практычна не мае аналагаў у СНД. Усяго адна такая машына здольна замяніць некалькі больш устарэлых адзінак спецтэхнікі", - гаворыцца ў паведамленні.
Машына спраўляецца з прыбіраннем дарогі з практычна любым пакрыццём (асфальтавым або цэментабетонным), прычым за раз ачышчае палатно шырынёй 2,3 м. Мега-пыласос таксама ўвільгатняе паверхню і паглынае пыл. Дзве дыскавыя і цыліндрычная шчоткі здымаюць слой гразі, што прыліпла да дарогі, зграбаюць смецце да вакуумнай устаноўкі, якая яго паглынае і перамяшчае ў шасцікубовы бункер.
"Новая мадэль МАЗ-5917В2-F10 можа знайсці прымяненне не толькі ў Беларусі. Машыну плануецца пастаўляць у Расію і іншыя краіны СНД. Акрамя таго, яна, магчыма, зоймецца ачысткай еўрапейскіх гарадоў", - лічаць на прадпрыемстве.
Мінскі аўтазавод упершыню прыме ўдзел у выстаўцы WasteTech-2017. Акрамя падмятальна-прыбіральнай машыны, МАЗ прадставіць наведвальнікам смеццявоз МАЗ-590314-N10 і камбінаваную гідрадынамічную каналапрамывачную машыну МАЗ-4926W2-L30. Навінкі ў хуткім часе могуць атрымаць распаўсюджванне як у Беларусі, так і іншых краінах свету.