5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі аўтамабільны завод прадставіў першы аўтобус МАЗ 203, укамплектаваны салонным ультрафіялетавым ачышчальнікам паветра. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе прадпрыемства.
"Пакуль гэта эксперыментальны ўзор. Пасля паспяховага цыкла выпрабаванняў і абкаткі на прадпрыемствах "Мінсктранса" такая камплектацыя зможа стаць апцыйнай. Па жаданні заказчыка ачышчальнікам можна будзе дааснасціць салон любой адзінкі пасажырскай тэхнікі", - адзначылі ў прэс-службе.
Высокатэхналагічны прыбор спецыяльна для Мінскага аўтазавода распрацавала ЗАТ "Ультрамедтэх". Гэта беларуская кампанія больш як 20 гадоў вырабляе абсталяванне, заснаванае на выкарыстанні УФ-выпрамянення, да пераваг якога адносяцца эфектыўнасць і нізкае энергаспажыванне.
Ачышчальнікі паветра, работа якіх заснавана на прынцыпе бактэрыцыднага ўздзеяння ультрафіялету, шырока прымяняюцца ў медыцыне, харчовай прамысловасці, сельскай гаспадарцы і іншых сферах і абеззаражваюць памяшканні і рабочыя паверхні ў іх.
Партатыўны агрэгат, устаноўлены ў МАЗ 203, знішчае вірусы, бактэрыі, змагаецца з непрыемнымі пахамі, алергенамі і дымам на плошчы 12 км.м, не ствараючы пагрозы для жыцця і здароўя людзей.
Два незалежныя блокі ўстройства манціруюцца ў салоне аўтобуса, не змяняючы канструкцыі транспартнага сродку, не ўплываючы на яго эстэтычны выягляд і не ствараючы дыскамфорт вадзіцелю і пасажырам.
Мінскі аўтамабільны завод - адно з буйнейшых беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў, якое спецыялізуецца на выпуску велікагрузных аўтамабіляў, спецтэхнікі, аўтобусаў, тралейбусаў і прычапной тэхнікі. Гандлёвая марка МАЗ шырока вядома ў СНД і далёкім замежжы. Тэхніка адпавядае экалагічным стандартам Еўра-5, 6. З канвеера завода сыходзяць седлавыя цягачы, бартавыя аўтамабілі, шасі пад устаноўку рознага спецабсталявання - усяго больш за 500 мадэлей і мадыфікацый.